«Унікальная з'ява!»: У ГУВ расказалі пра ўчынак расейскага афіцэра
- 29.10.2024, 16:58
Ён быў «непрыемна здзіўлены» пастановай камандавання.
Расейскі афіцэр Міхась Быкаў, трапіўшы ў акружэнне з падначаленымі яму салдатамі тэрміновай службы, загадаў не ісці на «мясны штурм», а здацца ўсім у палон.
Пра гэта паведаміў праект Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны «Хачу жыць».
«Маёр Быкаў Міхаіл Фёдаравіч (пазыўны “Навігатар”) – рэдкі прыклад расейскага афіцэра, які клапоціцца пра даручаны яму асабісты склад. Штурман авіяцыі паводле спецыяльнасці, “Навігатар” быў непрыемна здзіўлены, калі яго мабілізавалі ў мотастралкі. Яшчэ больш здзівіўся, калі яго выправілі ў памежжа з Украінай камандаваць салдатамі тэрміновай службы. На пытанне, як так яго, кадравага афіцэра ПКС, кінулі незразумела куды, Быкаў адказвае проста: “А там пофіг. Ім абы выправіць”», – расказалі ў ГУВ.
Больш за год ён правёў на мяжы на пасадзе камандзіра ўзвода, апекуючы ненавучаных салдатаў тэрміновай службы, паколькі разумеў, што «зялёным» хлапчукам на перадавой і на вайне ў прынцыпе рабіць няма чаго.
«Я думаў, што там АГС войска, а былі простыя салдаты тэрміновай службы. У мяне шок быў. Я не чакаў, што на лініі судотыку стаяць салдаты тэрміновай службы, калі ідзе такая вайна», – сказаў Быкаў.
Паводле ягоных словаў, узаемадзеянне камандавання з ягоным узводам было на ўзроўні: «трымайцеся там і чакайце падмацавання». А калі пачаўся прарыў украінскіх войскаў, выразных загадаў Быкаў так і не атрымаў – сувязі з вышэйшым камандаваннем зусім не было.
«Сваёй першачарговай задачай “Навігатар” бачыў захаванне жыццяў хлапцоў. Таму калі ўсім стала ясна, што падраздзяленне трапіла ў акружэнне, адбівацца няма чым, а падмацавання не будзе, маёр пасля кароткіх перамоваў з украінскімі вайскоўцамі аддаў загад здавацца ў палон», – адзначылі ў ГУВ.
«Быкаў упэўнены, што пасля вяртання яго чакае суд за тое, што ён збярог сваіх падначаленых. У той час як камандзіры-“мяснікі” атрымліваюць узнагароды ад дзяржавы за ўтылізацыю свайго асабістага складу. Вось такія яны, расейскія прыярытэты. Затое маёру сапраўды ўдзячныя 23 хлопцы і іх родныя. Беручы да ўвагі, што Расея цяпер забірае з палону выключна курскіх салдатаў тэрміновай службы, яны ўжо неўзабаве могуць сустрэцца», – падкрэслілі ў ГУВ.