«Мінімальны адсотак можа радыкальна змяніць сітуацыю»
- 29.10.2024, 15:29
Як будуць развівацца падзеі ў Грузіі і Малдове?
У Грузіі ідуць пратэсты пасля скандальных выбараў у парламент. Апазіцыйныя партыі заявілі аб байкоце парламента. На іх баку - прэзідэнтка.
Як могуць развівацца падзеі ў Грузіі? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам, прафесарам Кіеўскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Пятром Алешчуком:
- Гэта будзе залежаць ад многіх фактараў. У першую чаргу - ад пазіцыі саміх апазіцыйных партый. Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, кіроўная партыя «Грузінская мара» па выніках афіцыйных выбараў, якія многія ўважаюць за сфальсіфікаваныя, атрымлівае, тэарэтычна, парламенцкую большасць, якой дастаткова для таго, каб сфармаваць самастойна ўрад.
Аднак гэта неканстытуцыйная большасць. Калі ў парламент не заходзяць усе апазіцыйныя партыі, тады ён робіцца нелегітымным і трэба праводзіць новыя датэрміновыя выбары.
Дзеля гэтага трэба, каб усе апазіцыйныя палітыкі адмовіліся прымаць мандаты. Усе партыі павінны правесці з'езды, партыйныя канферэнцыі, на якіх павінны абнуліць спісы, каб ніхто не мог зайсці ў парламент.
Пасля гэтага ў парламенце недастатковая колькасць дэпутатаў, ён недзеяздольны і трэба абвяшчаць новыя выбары.
Акрамя таго, прэзідэнтка Грузіі ўжо заявіла, што яна не будзе адкрываць пасяджэнне новаабранага парламента, бо ўважае выбары сфальсіфікаванымі. Праз пэўны час працу могуць пачаць і без яе, але пэўную затрымку гэта дае. Пакуль што апазіцыйныя сілы маюць намер у прававым ключы спрабаваць паўплываць на сітуацыю, дабіцца датэрміновых выбараў.
Адзначу, што ўчора я заўважыў трывожны званок. Расейскія РІА «Новости» заявілі аб тым, што нібыта ў Грузію накіроўваюцца падрыхтаваныя ва Украіне снайперы, якія павінны браць удзел у правакацыях.
Не выключана, што падчас якіх-небудзь будучых акцый пратэсту магчымыя правакацыі са стральбой і да таго падобным для таго, каб, зноў жа, паспрабаваць распаліць сітуацыю.
Тут узнікае пытанне, а якую стратэгію ў гэтым плане мае грузінская ўлада і Расея, якая, відавочна, усё гэта курыруе і рухае ў нейкім сваім ключы. Я пакуль, сапраўды кажучы, не вельмі гэта ўсё разумею.
Не выключана, што ў Расеі ёсць сцэнар сілавой эскалацыі з наступным сілавым прыгнечаннем пратэстаў для таго, каб паказаць, маўляў, глядзіце, мы моцныя і ўсіх захопліваем.
Пакуль гэта ўсё даволі складана прагназаваць, але я бачу, што, магчыма, у Грузіі Пуцін хоча атрымаць нарэшце нейкую прамежкавую геапалітычную перамогу.
- У яшчэ адной краіне павінны прайсці лёсавызначальныя выбары - Малдове. Там праеўрапейскі кандыдат Мая Санду супрацьстаіць прарасейскаму Стаяноглу. На рэферэндуме аб еўрапейскім выбары вынік вызнгачылі лічаныя тысячы галасоў. Як тут можа развівацца сітуацыя?
- Сітуацыя можа развівацца падобным чынам. Зноў узнікае пытанне аб тым, як падыдуць да мабілізацыі сваіх выбарцаў розныя кандыдаты. Мы ведаем, што ў Малдове ёсць своеасаблівыя прарасейскія анклавы, таму сітуацыя выглядае не вельмі прагназаванай.
Бо, з аднаго боку, Расея ўбухае вялізныя сродкі ў наўпроставы подкуп выбарцаў. З іншага боку, ёсць значная колькасць грамадзян Малдовы, якія зараз знаходзяцца за межамі краіны, для якіх пытанне еўрапейскага вектара развіцця вельмі важнае.
Складана сказаць, хто зможа лепш мабілізавацца на выніковае галасаванне, але мы бачым, што разрыў мінімальны. Мінімальны адсотак падтрымкі аднаго ці іншага боку можа ўсё радыкальна памяняць.
Я спадзяюся, што ўбачыўшы рэальныя рызыкі, больш змогуць мабілізавацца праеўрапейскія выбарцы і атрымаць няхай і невялікую, але перавагу.