У Мядзельскім раёне прадпрыемства вырабляла небяспечнае для здароўя мяса
- 29.10.2024, 15:20
Стварала пагрозу для жыцця і здароўя спажыўцоў.
Мясаперапрацоўчае прадпрыемства з Мядзельскага раёна было выключанаt з рэестра вытворчых аб'ектаў праз мноства парушэнняў у сваёй рабоце.
Паводле інфармацыі пракуратуры Менскай вобласці, «на прадпрыемстве не забяспечвалі ідэнтыфікацыі сыравіны і гатовай прадукцыі на крок наперад і крок назад. Дапускаўся выпуск у абарачэнне прадуктаў забою без правядзення перадзабойнага ветэрынарнага агляду, паслязабойнай ветэрынарна-санітарнай экспертызы і таўравання».
Акрамя таго, было заяўлена, што рэалізацыя мяса, якое не адпавядае патрабаванням бяспекі, стварала пагрозу для жыцця і здароўя спажыўцоў.
У афіцыйным паведамленні падкрэсліваецца, што мясаперапрацоўчае прадпрыемства Мядзельскага раёна выключанае з рэестра аб'ектаў, якія займаюцца атрыманнем і перапрацоўкай неперапрацаванай харчовай сыравіны жывёльнага паходжання.
Таксама ў дачыненні да чатырох службовых асоб прадпрыемства былі ўжытыя захады дысцыплінарнай адказнасці.