BE RU EN

Ізраіль знішчыў усе расейскія зенітныя ўстаноўкі С-300 у Іране

  • 29.10.2024, 8:39

Фіяска сістэм СПА з РФ.

Падчас паветраных удараў па вайсковых аб'ектах на тэрыторыі Ірана ў мінулую суботу Ізраіль знішчыў тры зенітна-ракетныя комплексы С-300 расейскай вытворчасці, якія засталіся на ўзбраенні Ірана.

Аб гэтым паведамляе газета The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскіх і ізраільскіх афіцыйных асоб.

Гэтыя комплексы, якія з'яўляліся ключавым элементам сістэмы СПА Ірана, змаглі, паводле інфармацыі газеты, перахапіць у найлепшым выпадку толькі некалькі з сотняў ракет, выпушчаных па цэлях у Іране падчас паветранай атакі, у якой удзельнічалі сто ізраільскіх баявых самалётаў. Тры з чатырох комплексаў, пастаўленых Расеяй Ірану, былі знішчаныя падчас гэтага нападу, а чацвёрты быў ліквідаваны раней.

Паводле звестак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), адзін з комплексаў С-300 знаходзіўся побач з аэрапортам Тэгерана, два іншыя абаранялі аб'екты энэргетычнай інфраструктуры - нафтавы порт, нафтаперапрацоўчы завод і радовішча прыроднага газу, паведамляе расейская служба «Радыё Свабода».

ЗРК С-300, што стаялі на ўзбраенні Ірана, уяўляюць сабой мадэрнізаваную ў канцы 1990-х гадоў версію гэтага комплексу, які паступіў на ўзбраенне савецкага войска ў канцы 1970-х.

Са слоў аналітыкаў, пасля страты комплексаў С-300 многія крытычна важныя аб'екты Ірана застаюцца безабароннымі перад ракетнымі атакамі. Магчымасці атрымаць ад Расеі больш сучасныя ЗРК С-400 у Ірана няма, бо Расея выкарыстоўвае ўсе рэзервы для вядзення баявых дзеянняў ва Украіне.

Гэты інцыдэнт, разам са знішчэннем некалькіх расейскіх комплексаў С-300 украінскім войскам падчас баявых дзеянняў ва Украіне і паспяховымі ўдарамі ўкраінцаў па больш сучасным расейскім ЗРК С-400, прычыняе сур'ёзную шкоду рэпутацыі расейскай абароннай прамысловасці. Газета цытуе аналітыкаў, якія мяркуюць, што традыцыйныя кліенты расейскага ВПК, хутчэй за ўсё, пачнуць шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў узбраенняў, што можа згуляць на руку паўднёвакарэйскім, ізраільскім, амерыканскім і кітайскім вытворцам.

Апошнія навіны