BE RU EN

Да Новага года ў Менску ўсталююць 13 новых светлавых кампазіцый

  • 28.10.2024, 21:22

Святочную ілюмінацыю ўключаць у сярэдзіне снежня.

У Менску актыўна рыхтуюцца да навагодніх святаў – у сталіцы ўсталююць 13 новых светлавых кампазіцый, заявіў БелТА дырэктар УП «Менгарсвятло» Славамір Грыневіч.

Паводле ягоных словаў, маштабнае абнаўленне асвятлення горада стала неад'емнай часткай падрыхтоўкі да навагодніх святаў. «Мы кіруем усёй ілюмінацыяй з адзінага дыспетчарскага пункта. Гэта дазваляе аператыўна ўключаць асвятленне і ствараць святочны настрой у любы момант», – адзначыў Славамір Грыневіч.

Ён таксама ўдакладніў, што ва ўпрыгожванні горада выкарыстоўваюцца слабаточныя гірлянды на святлодыёднай аснове, што дапамагае эканоміць электраэнэргію, нягледзячы на павелічэнне даўжыні сетак.

Сёлета святочная ілюмінацыя з'явіцца ў некалькіх новых частках Менска. Сярод іх – праспект Дзяржынскага, праспект Пераможцаў, вуліца Чкалава, вуліца Красіна, вуліца Свярдлова, плошча Багушэвіча, вуліца Сяліцкага, Партызанскі праспект, сквер па вуліцы Леніна, сквер Акрэсціна, праспект Машэрава і вуліца Камсамольская.

«Для нас важна, каб кожная новая ўстаноўка адпавядала высокім стандартам. Цягам года мы праводзілі працы рамонту і мадэрнізацыі існага асвятлення, каб падрыхтаваць яго да зімовага сезону», – дадаў кіраўнік «Менгарсвятла».

Акрамя таго, светлавое афармленне рэалізуецца і на новабудаваных тэрыторыях, такіх як ЖК «Менск Свет».

Святочная ілюмінацыя пачне радаваць менчукоў ужо з сярэдзіны снежня і прадоўжыць асвятляць горад ажно да старога Новага года.

Апошнія навіны