BE RU EN

Мітынг Трампа ў Нью-Ёрку скончыўся расісцкім скандалам

  • 28.10.2024, 14:34

Прыхільнікі экс-прэзідэнта не саромеліся ў выказваннях.

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональд Трамп на мітынгу ў Нью-Ёрку зрабіў некалькі антыімігранцкіх заяў, а ягоныя хаўруснікі вызначыліся мноствам вульгарных і расісцкіх выказванняў, паведамляе 28 кастрычніка агенцтва Reuters.

Перад пачаткам выступу Трампа ў спартовым комплексе Мэдысан-Сквэр-гардэн некаторыя з яго прыхільнікаў зусім не саромеліся ў выказваннх, каб «разварушыць» натоўп.

Доўгі спіс выступоўцаў на адкрыцці мітынгу вагаваўся ад былога чэмпіёна ў рэстлінгу Галка Гогана да былога мэра Нью-Ёрка Рудольфа Джуліяні і сыноў Трампа — Эрыка і Дональда-малодшага.

Джуліяні, былы асабовы адвакат Трампа, сцвярджаў, што Гарыс была «на баку тэрарыстаў» у ізраільска-палестынскім канфлікце.

Мільярдэр Ілан Маск, якога Трамп, паводле ягоных слоў, прызначыць кіраўніком новай урадавай камісіі эфектыўнасці, заявіў са сцэны, што федэральны бюджэт можа быць скарочаны "як мінімум" на $ 2 трлн.

Былы кандыдат у Кангрэс Дэвід Рэм назваў кандыдатку ў прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў Гарыс «антыхрыстам» і «д'яблам». Комік Тоні Хінчкліф сказаў, што лацінаамэрыканцы "любяць рабіць дзяцей", і назваў карыбскую тэрыторыю ЗША Пуэрта-Рыка "плывучай выспай смецця".

Пазней прэсавая сакратарка Трампа Даніель Альварэс заявіла ў каментары CNN, што "гэты жарт не адлюстроўвае поглядаў прэзідэнта Трампа або перадвыбарчага штаба".

Сам Трамп зноў абвясціў планы "спыніць нелегальную іміграцыю і дэпартаваць мігрантаў", якіх ён назваў "жорсткімі і крыважэрнымі злачынцамі" — калі ён пераможа на выбарах прэзідэнта ЗША 5 лістапада.

«У першы ж дзень я пачну самую маштабную праграму дэпартацыі ў гісторыі Амэрыкі. Я выратую кожнае места і мястэчка, якія былі захопленыя і заваяваныя», — сказаў кандыдат у прэзідэнты ад рэспубліканцаў.

«Злучаныя Штаты – акупаваная краіна», – казаў Трамп, у той час як прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі праекавалі фразы «Трамп неўраўнаважаны» і «Трамп усхваляў Гітлера» на вонкавую частку Мэдысан-Сквэр-гардэн.

Далей, Трамп назваў сваю апаненту Гарыс "чалавекам з вельмі нізкім IQ".

«Калі Камала Гарыс атрымае яшчэ чатыры гады, наша эканоміка ніколі не зможа аднавіцца. Калі я перамагу, мы хутка пабудуем найвялікшую эканоміку ў гісторыі свету», — сказаў ён.

Апошнія навіны