BE RU EN

З Беларусі адыходзіць чарговая высокатэхналагічная кампанія

  • 28.10.2024, 14:05

Яна спрабавала стаць «забойцам Uber».

У Беларусі закрывае цэнтр распрацоўкі і з сярэдзіны кастрычніка ліквідуе юрыдычную асобу амэрыканская кампанія Lyft, якую ў сярэдзіне 2010-х называлі чарговым «забойцам Uber». Аб гэтым паведамляе выданне Plan B.

Як пачынаўся Lyft у Беларусі

Lyft, які нарадзіўся ў ЗША як студэнцкі стартап для супольных выпраў, у сярэдзіне 2010-х заняўся маштабаваннем. Для гэтага яго заснавальнікі ў 2015 годзе адкрылі ў Менску цэнтр распрацоўкі. На піку ў кампаніі "Ліфт БіЭлЭр", якая стала рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, працавала звыш 100 праграмістаў ды іншых спецыялістаў.

Uber здагнаць не здалелі. Але бізнэс развіваўся ў іншых нішах, забяспечваючы цэнтр распрацоўкі ў Менску кантрактамі. У 2019 годзе Lyft паглынуў яшчэ аднаго няспраўджанага «забойцу Uber», — кампанію Juno разам з яе беларускай сядзібай і суполкай.

І як скончыўся

Да 2024 года сядзіба Lyft у Сан-Францыска не выказвала публічнай устурбаванасці тым, што галоўны цэнтр распрацоўкі кампаніі знаходзіцца ў краіне, якая ў амэрыканскім чорным спісе сярод лідэраў у колькасці падсанкцыйных асоб, бізнэсаў і галін. Не адразу ўсхвалявала яе кіраўніцтва і тое, што на пачатку 2023 года "Ліфт БіЭлЭр" трапіла ў пералік кампаній з уладальнікамі з "непрыязных" краін, якім забаранілі без дазволу распараджацца сваёй маёмасцю на тэрыторыі Беларусі.

Толькі на самым пачатку 2024 года з сядзібы Lyft з'явілася інфармацыя, што праз геапалітычную сітуацыю і звязаную з ёю рызыку кампанія плануе пакрысе згортвацца ў Беларусі. Зрэшты, гэтыя заявы прагучалі на фоне падзення вартасці акцый, пагаршэння фінансавай сітуацыі і скарачэння штатаў. Так што не відавочна, якая прычына была пераважнай у закрыцці амэрыканцамі бізнэсу ў Беларусі.

Затрымалі ці стаіліся?

«Забойца Uber» — не апошні амэрыканскі высокатэхналагічны бізнэс, які пакінуў Беларусь. Цікава, што той, з кім ён канкуруе ў ЗША і Канадзе, па-ранейшаму прысутны ў нашай краіне як дзейная юрыдычная асоба.

Кампанія «Убэр Сістэмс Бел» з'яўляецца аднагодкам Lyft. У 2018 годзе глабальны Uber стварыў супольбнае прадпрыемства з "Яндэкс.Таксі" для працы на рынках Расеі, Беларусі і некаторых іншых краін постсавецкай прасторы. У 2023-м "Яндэкс" выкупіў яго дзель у гэтым бізнэсе.

Таксама далей лічыцца ў беларускім рэестры як дзейная юрыдычная асоба дачка Microsoft — «Майкрасофт Софтвэр Бел». Хаця продажы сваіх прадуктаў у Расею і Беларусь амэрыканская карпарацыя спыніла праз некалькі тыдняў з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну.

У рэзідэнтах ПВТ па-ранейшаму значацца даччыныя кампаніі вядомых амэрыканскіх публічных кампаній Fitbit і Mapbox — адпаведна, "ФітбітБел" і "МэпДэйта". Матчынай кампаніяй распрацоўніка і вытворцы фітнэс-трэкераў Fitbit з'яўляецца ніхто іншы, як Google. А інвестарамі ў Mapbox — найбуйнейшыя амэрыканскія і японскія інвестыцыйныя фонды.

Апошнія навіны