Кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША ад Трампа адмовіўся называць Пуціна ворагам
- 28.10.2024, 9:22
І загаварыў пра дыпламатыю.
Кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў, сэнатар Джэй Ды Вэнс адмовіўся называць дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна «ворагам», назваўшы таго «супраціўнікам» і «канкурэнтам».
Такую заяву Вэнс зрабіў 27 кастрычніка ў эфіры праграмы Meet the Press тэлеканала NBC News.
Вядоўца Крыстэн Уэлкер задала рэспубліканцу пытанне - ці ўважае той Пуціна за супольніка ці за ворага.
«Я думаю, што ён (Пуцін – рэд.) відавочна супраціўнік. Ён канкурэнт (…) Але я думаю, што мы таксама мусім быць разумнымі ў дыпламатыі. Калі нам хтосьці не падабаецца, гэта не значыць, што мы не можам часам уступаць з ім у дыялог», - сказаў Вэнс.
Кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў і партнёр Дональда Трампа ў перадвыбарнай гонцы перакананы, што рана ці позна ЗША давядзецца весці перамовы паміж Украінай, РФ і амерыканскімі супольнікамі.
«Я думаю, што калі мы хочам калі-небудзь скончыць вайну ва Украіне, то, фактычна, на нейкім узроўні нам давядзецца весці перамовы паміж Украінай, Расеяй і нашымі супольнікамі з NАТО ў Еўропе. І гэта проста неабходная частка», - падсумаваў Вэнс.