BE RU EN

«Нават на добрыя заробкі людзей фізічна не стае»

  • 27.10.2024, 18:15

Уладальнікі бізнэсаў з Менска і рэгіёнаў расказалі пра сітуацыю на рынку працы.

У Беларусі рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя – 3%. Гэтая лічба ніжэйшая за норму. У нізкім узроўні беспрацоўя няма нічога добрага, ён разганяе інфляцыю: канкурэнцыя за кадры паднімае заробкі, а адпаведна, і сабекошт прадукцыі і паслуг.

У некаторых працоўных спецыяльнасцях медыянныя заробкі за год падскочылі на траціну.

У першым паўгоддзі 2024 года колькасць свабодных працоўных месцаў (160,6 тысячы) перавышала колькасць афіцыйных беспрацоўных (141,7 тысячы). Попыт на кадры з працоўнымі спецыяльнасцямі складае 67% ад агульнай колькасці вакансій, большасць з тых, хто звяртаецца ў службу занятасці, хутка працаўладкоўваецца.

Партал rabota.by звяртае ўвагу, што ў 2024 годзе колькасць вакансій на сайце не апускаецца ніжэй за 36 тысячаў. А толькі за першыя два кварталы 2024 года (у параўнанні з пачаткам года) рост вакансій у такіх сферах, як будаўніцтва, працоўны персанал, турызм, перавозкі, склаў 36,3%, 35%, 34,6%, 32,8% адпаведна.

Як гэта ўсё бачыцца не ў лічбах, а на ўзроўні ўспрымання кіраўнікоў бізнэсу? Пра гэта «Наша Ніва» апытала трох уладальнікаў бізнэсаў з інтарэсамі ў розных сферах.

Будаўнічы сектар, прамысловасць, лагістыка – усе, хто мае патрэбу ў нізкакваліфікаванай працоўнай сіле, называюць сітуацыю з кадрамі складанай.

«Тыя, хто раней быў гатовы працаваць практычна за ежу, цяпер задзіраюць нос і просяць высокія заробкі. Але нават на добрыя заробкі людзей фізічна не стае», – кажа адзін з бізнэсмэнаў.

Чаму так адбываецца? Сярод прычынаў называюць палітычную эміграцыю, скарачэнне насельніцтва і спыненне прытоку працоўнай сілы з Украіны. Але асабліва – ператок працоўных у Расею.

Расейцы ідуць на фронт, там вялізныя выплаты, і, каб утрымаць супрацоўнікаў, працадаўцы павышаюць заробкі. Усё больш высокія заробкі і запатрабаванні ў Расеі выцягваюць туды нізкакваліфікаваную працоўную сілу і з Беларусі.

Нястачу працаўнікоў кампенсуюць працоўнымі з Цэнтральнай Азіі.

«Не выключаю, што будуць дамаўляцца пра прыезд працоўных з Паўночнай Карэі, – кажа суразмоўца “Нашай Нівы”. – У сярэдзіне 2010-х, перад Еўрапейскімі гульнямі, паўночнакарэйскіх будаўнікоў прывозілі, а цяпер такі варыянт сур'ёзна прапрацоўваюць заводы».

Пры гэтым апытаныя намі бізнэсмэны адзначаюць, што з высокакваліфікаванай працоўнай сілай такой вострай праблемы няма. Гэта датычыцца як ІТ, так і іншых сфераў.

«Сапраўдных геніяў мы выносім за дужкі, іх заўсёды мала. А калі браць у сярэднім, то сітуацыя палепшылася ў параўнанні з 2021–2022 гадамі. Вырасла новае пакаленне, якое замяніла тых, хто з'ехаў», – сказаў адзін з прадпрымальнікаў.

Іншы суразмоўца дадае ў чыннікі ўплыву зваротную міграцыю.

«Калі для працоўнага пераезд у Еўропу – гэта магчымасць пажыць па-чалавечы, то для прадстаўніка сярэдняга класу – падзенне ва ўзроўні дабрабыту, з улікам таго, што тут у яго ёсць жыллё, а там трэба здымаць.

Тыя людзі, якія ўцякалі не ад канкрэтнай пагрозы, а на эмоцыях, сутыкаюцца з рэальнасцю і вяртаюцца. Да мяне вярнуліся некалькі інжынераў, якія раней з'ехалі, але не змаглі арганізаваць побыт у ЕЗ, – расказвае бізнэсмэн. – Яны не былі ў вышуку, таму пастанавілі рызыкнуць і вярнуцца», – дадаў кіраўнік датычна буйной ІТ-кампаніі.

Трэцім чыннікам на рынку працы называюць вялікую колькасць адукаваных былых бюджэтнікаў, звольненых з палітычных матываў.

«Яны ніколі не працавалі ў прыватным сектары, баяліся туды ісці, але цяпер лёс сам іх падштурхнуў, і мы іх падбіраем.

Чакаем таксама, што перад выбарамі пройдуць вялікія чысткі і на буйных прыватных прадпрыемствах, бо такія спісы рассылаюцца ўжо масава. У спісах дзясяткі, у буйных арганізацыях – сотні прозвішчаў на звальненне. Я так разумею, што налета ў нас будзе свайго роду пераліванне крыві, мы памяняемся супрацоўнікамі», – з сумнай іроніяй дадае яшчэ адзін суразмоўца «Нашай Нівы».

Апошнія навіны