BE RU EN

Самы вядомы прарасейскі журналіст Латвіі ўцёк у Беларусь

  • 27.10.2024, 15:48

Падчас ператрусу ў доме прапагандыста былі знойдзеныя патроны для пісталета.

Латвійскі журналіст Юрый Аляксееў уцёк у Беларусь. Аб гэтым распавёў карэспандэнт RT Аляксей Стэфанаў, паведамляе «Наша Ніва».

«З вечара захоўваю гэтую радасную навіну, але ўжо можна - сам Юра перастаў хаваць», - напісаў Стэфанаў.

Са слоў Стэфанава, Аляксееў не спаў тры ночы - рыхтаваўся да ўцёкаў.

«Учора раніцай выйшаў з кватэры ў Рызе, дабраўся на перакладных да Вільні, набыў квіток на аўтобус да Менска і, хвалюючыся, прайшоў мяжу», - распавядае пра шлях Аляексева ягоны калега. - Зараз Юра ў Менску ў сяброў. Выспаўся і прыходзіць у сябе».

Юрый Аляксееў - адзін з самых вядомых расейскамоўных журналістаў Латвіі. З 1990 года ён працаваў галоўным рэдактарам у шэрагу дзелавых выданняў.

Пасля быў галоўным рэдактарам сайта Imhoclub.lv. Служба дзяржбяспекі Латвіі ў сваёй штогадовай справаздачы ўказвала, што сайт «іграе пэўную ролю ва ўмацаванні расейскага інфармацыйнага ўплыву ў Латвіі», а яе крыніцы фінансавання знаходзяцца ў Расеі.

Расследаваннем ягонай справы ў лістападзе 2017 года занялася Служба дзяржаўнай бяспекі. Паводле яе звестак, з кастрычніка 2016 года да снежня 2017 года Аляксееў неаднаразова публікаваў каментарыі, якія распальваюць міжнацыянальную варожасць.

Падчас вобыскаў у ягоным доме, як паведамляла спецслужба, былі знойдзеныя патроны для пісталета, а таксама носьбіты інфармацыі з дзіцячай парнаграфіяй.

У кастрычніку 2021 года суд прыгаварыў яго да года і двух месяцаў турмы. Аляксеева абвінавацілі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці, захоўванні дзіцячай парнаграфіі і боепрыпасаў.

Апошнія навіны