BE RU EN

WP: Ілан Маск мог знаходзіцца ў ЗША на незаконных падставах

  • 27.10.2024, 13:31

Пры гэтым бізнэсовец падтрымлівае палітыку Трампа супраць нелегальнай міграцыі.

Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск у пачатку сваёй кар'еры мог нелегальна знаходзіцца і працаваць у ЗША. Цяпер ён падтрымлівае кандыдата ў прэзідэнты Дональда Трампа, які выступае супраць імігрантаў без дакументаў.

Пра гэта паведамляе Washington Post.

Маск, які нарадзіўся ў Паўднёвай Афрыцы, прыехаў у 1995 годзе ў Апала-Альта ў Каліфорніі, каб паступіць у аспірантуру Стэнфардскага ўніверсітэта. Аднак ён так і не пачаў навучанне, а заняўся сваім стартапам Zip2.

Юрысты, з якімі паразмаўляла выданне, заявілі, што ў такім выпадку Маск не меў законных падстаў заставацца ў ЗША.

Замежныя студэнты не могуць кідаць вучобу, каб заснаваць кампанію, нават калі яны не адразу атрымліваюць заробак, заявіў Леон Фрэска, былы судовы юрыст у пытаннях іміграцыі Міністэрства юстыцыі.

У пагадненні аб фінансаванні стартапа на суму 3 мільёны даляраў, укладзеным паміж Маскам і венчурнай кампаніяй Mohr Davidow Ventures, адзначалася, што ён, яго брат і бізнэс-партнёр павінны атрымаць легальны працоўны статус цягам 45 дзён. Калі гэтага не адбудзецца, венчурная кампанія мела права забраць свае інвестыцыі.

Пасля Ілан Маск не прызнаваў, што працаваў без неабходнага легальнага статусу. Аднак у 2013 годзе ён пажартаваў, што на старце сваёй кар'еры апынуўся ў «шэрай зоне», а ў 2020 годзе адзначыў, што атрымаў «студэнцкую працоўную візу» пасля таго, як надумаў адкласці навучанне ў Стэнфардзе.

Журналісты знайшлі электронны ліст Ілана Маска да сузаснавальнікаў Tesla, у якім ён прызнае, што не меў дазволу на знаходжанне ў ЗША, калі ствараў кампанію Zip2. Ён звяртаўся ў Стэнфардскі ўніверсітэт з просьбай атрымаць легальны статус, хоць, са слоў Маска, ступень яго не вельмі цікавіла.

Апошнія навіны