BE RU EN

Портнікаў: За супрацоўніцтвам Пуціна і Кім Чэн Ына стаіць зусім іншы чалавек

  • 27.10.2024, 19:01

Без яго блаславення вайскоўцы КНДР не маглі б прыехаць на тэрыторыю Расеі.

На прэс-канферэнцыі пасля саміту БРІКС Пуцін упершыню пракаментаваў магчымасць прысутнасці паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расеі. Ён даў зразумець, што не бачыць у гэтым нічога надзвычайнага.

Рыторыка Пуціна нязменная, мяркуе Віталь Портнікаў.

Уладзімір Пуцін заявіў, што згодна з артыкулам 4 Дамовы аб стратэгічным партнёрстве паміж Расеяй і КНДР, абедзве краіны абавязаліся дапамагаць адна адной у выпадку агрэсіі.

Пуцін не апраўдваўся праз прысутнасць войск КНДР на тэрыторыі Расеі. Гэта яшчэ раз паказвае, што ён спрабуе стварыць умовы для эскалацыі сітуацыі не толькі на расейска-ўкраінскім фронце, але і на Карэйскім паўвостраве.

Паўднёвая Карэя дастаткова жорстка рэагуе на магчымасць прысутнасці паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на франтах расейска-ўкраінскай вайны. Яна баіцца, што Паўночная Карэя будзе выкарыстоўваць гэты ўдзел сваіх вайскоўцаў у вайне як падрыхтоўку для вайны ўжо супраць Паўднёвай Карэі.

Калі ў Пуціна спыталі, пры якіх умовах ён пагадзіўся б спыніць вайну з Украінай, палітык адказаў стандартна. Маўляў, усе мірныя дамоўленасці магчымы толькі з улікам рэалій, якія склаліся на зямлі. Гэтае вядомае патрабаванне Пуціна да Украіны звязанае з 2014 годам. Тады, пасля анэксіі Крыма, Пуцін заявіў, што «крымскае пытанне» з'яўляецца закрытым, а Масква больш ніколі не будзе весці размовы з Кіевам аб тэрытарыяльнай прыналежнасці Крыма.

У 2022 годзе да Крыма далучыліся анэксаваныя Данецкая, Луганская, Херсонская і Запарожская вобласці. Як можна зразумець са слоў Пуціна, ён нават не думае аб магчымасці вываду расейскіх войск з акупаванай украінскай тэрыторыі. Больш за тое, патрабуе ад Украіны, каб УСУ адышлі з абласцей, якія з'яўляюцца акупаванымі. Пуцін стварае ўмовы, пры якіх перамовы паміж Украінай і Расеяй не маюць ніякіх перспектываў для пачатку.

У Пуціна пыталіся аб тым, як ён можа адначасова казаць аб стабільнасці ў свеце і працягваць вайну супраць Украіны, якая ўжо прывяла да нападаў беспілотнікаў па расейскіх гарадах. Бо да вайны гэтых нападаў не было. Пуцін адказаў, што сітуацыя была больш пагрозлівай і зноў нагадаў аб умовах, якія Расея выставіла Захаду напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Умовы, якія прадугледжвалі, што заходнія краіны павінны пагадзіцца з немагчымасцю еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны, Грузіі ды іншых былых савецкіх рэспублік.

Гэта таксама хлусня. Заходнія лідары, якія размаўлялі з Пуціным у тыя тыдні, калі МЗС Расеі выставіла гэтыя патрабаванні да НАТА і ЗША, падкрэслівалі, што не могуць пагадзіцца, каб Расея накладала вета на ўсе пастановы Альянсу. Аднак разам з гэтым яны былі гатовыя да перамоў з Масквой ва ўсіх пытаннях, якія яны ўважаюць за пагрозлівыя з пункту гледжання ўласнай бяспекі.

Але Пуцін выстаўляў умовы зусім не для таго, каб размаўляць з Захадам. Яго мэта была - стварыць базу пад сваю вайну супраць Украіны.

Калі ўважліва прааналізаваць адказы Пуціна, мы ўбачым, што ўмовы заканчэння вайны, якія ён выстаўляў яшчэ ў 2022 годзе, не адрозніваюцца ад 2024 года. Пуцін хоча размаўляць з ненавіснай яму Украінай выключна на мове ўльтыматумаў і капітуляцыі. Агрэсар спадзяецца, што час застаецца на ягоным баку.

Адзінае, што змянілася - Пуцін поўны рашучасці глабалізаваць гэтую вайну. Блізкага Усходу агрэсару ўжо не дастаткова. Ён думае аб значна больш сур'ёзнай глабалізацыі сітуацыі дзякуючы Карэйскаму паўвостраву. Невядома, як там будзе развівацца сітуацыя пасля таго, як паўночнакарэйскія вайскоўцы пачнуць ваяваць на ўкраінскай зямлі, ці будуць выкарыстоўвацца расейцамі як дапаможнае войска ў баях у Курскай вобласці.

Цяпер мы не ведаем, як менавіта Пуцін хоча выкарыстоўваць салдат Кім Чэн Ына. Магчыма, хоча проста стварыць прапагандысцкую мадэль прысутнасці паўночнакарэйскіх вайскоўцаў як пастку для канфлікту паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі. Гэта можа быць дастаткова складаная спецаперацыя, якую зараз рыхтуюць у кабінетах кіраўнікоў ФСБ.

Але зразумела адно - Пуцін пачаў разглядаць глабалізацыю канфліктаў як адзін з важных інструментаў сваёй вайны з Украінай і канфрантацыі з Захадам.

Цікава было б даведацца, што з гэтай нагоды думае іншы ўдзельнік прэс-канферэнцыі ў Казані - кітайскі лідар Сі Цзіньпін. Без яго блаславення ніякія паўночнакарэйскія вайскоўцы не могуць прыехаць на тэрыторыю Расеі і ваяваць супраць Украіны. Гэта яшчэ раз дазваляе сказаць, што за ўсімі дзеяннямі Пуціна і Кім Чэн Ына стаіць іншы чалавек, які зацікаўлены ў дэстабілізацыі свету і паслабленні ЗША, - Сі Цзіньпін.

Апошнія навіны