BE RU EN

TVN: «Партманэт» Лукашэнкі Машэнскі ўжо тры гады жыве ў Варшаве

  • 27.10.2024, 10:31

Алігарх свабодна ездзіць паміж Польшчай і Беларуссю.

Найбуйнейшы ў Польшчы незалежны тэлеканал TVN прысвяціў беларускаму алігарху, звязанаму з атачэннем Лукашэнкі, цэлы рэпартаж «Чалавек Лукашэнкі ў Варшаве».

Аўтары матэрыялу сцвярджаюць, што тры гады таму тагачасныя кансерватыўныя ўлады Польшчы дазволілі Аляксандру Машэнскаму жыць і працаваць у Варшаве.

«Беларускі алігарх свабодна ездзіць паміж Польшчай і Беларуссю. Ён здымае кватэру ў Варшаве і вядзе тут свой бізнэс», - гаворыцца ў рэпартажы.

Яго аўтар Бертольд Кітэль сцвярджае, што Машэнскі мае «Мерсэдэс» з чырвонымі консульскімі спецнумарамі. У другой палове тыдня кіроўца прывозіць яго на выходныя з Беларусі ў Варшаву.

«Тут і кавярні, і рэстарацыі, і на выходныя можна з сям'ёй куды-небудзь злятаць на самалёце. Еўрапейскае жыццё», - кажа Кітэль.

Пра магчымасць свабодных авіяпералётаў з Варшавы журналісту расказаў і сам Машэнскі, якога знялі схаванай камерай. Машэнскі свабодна размаўляе на запісе па-польску.

Са слоў аўтара рэпартажу, Машэнскі «баіцца патрапіць у санкцыйны спіс, але больш за 10 гадоў рэжым выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб ён не трапіў у яго». Кіцель сцвярджае, што ад санкцый Аляксандра Машэнскага ратавалі найперш ісландскія палітыкі, якія лабіявалі на яго карысць у Еўразвязе.

«Эканоміка Ісландыі дэ-факта залежыць ад бізнэсу Машэнскага, як і вугорцаў, якія проста наклалі вета на праект гэтага санкцыйнага спісу», - распавёў Кітэль.

Машэнскаму належаць буйныя рыбаперапрацоўчыя і малочныя заводы. Яго называюць лаяльным да Лукашэнкі алігархам і партманэтам дыктатара. Аднак з 2020 года ён пазбягае еўрапейскіх санкцый, нягледзячы на тое, што некалькі разоў яго ўключалі ў чарнавыя санкцыйныя спісы.

У 2022 годзе яго выключылі і з шостага пакета санкцый ЕЗ, дзякуючы лабіяванню Вугоршчыны. Са слоў журналістаў, гэта можа быць звязана з тым, што найбліжэйшы яго паплечнік - Сяргей Нядбайлаў - з'яўляецца ганаровым консулам Вугоршчыны ў Берасці.

Апошнія навіны