BE RU EN

Ва УСУ неўзабаве з'явяцца замежныя афіцэры

  • 27.10.2024, 10:10

Зяленскі падпісаў спецыяльны закон.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон, які дазволіў замежнікам і асобам без грамадзянства служыць ва УСУ і Нацгвардыі на афіцэрскіх пасадах.

У картцы законапраекта №12023 на сайце парламента адзначаецца, што ў пятніцу, 25 кастрычніка, закон быў вернуты з подпісам ад прэзідэнта. Перад гэтым, 10 кастрычніка, адпаведны законапраект прыняла Вярхоўная Рада.

Да падпісання гэтага законапраекта замежнікі мелі права служыць толькі на радавых і сяржанцкіх пасадах.

У тлумачальнай запісцы да законапраекта ўказваецца, што «ўдасканаленне заканадаўства абумоўленае складанай аператыўнай сітуацыяй на лініі баявых дзеянняў, якая патрабуе значнага павелічэння колькасці баявога складу УСУ і іншых вайсковых фармаванняў».

Гэтым законам таксама прадугледжанае стварэнне Цэнтра Рэкрутынгу замежнікаў. Тут яны будуць праходзіць праверку, каб высветліць:

ці законна чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Украіны;

ці прыцягвалі яго да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці паводле законаў Украіны;

ці звязаны ён з выведвальна-падрыўной дзейнасцю замежных дзяржаў супраць Украіны;

іншыя абставіны, якія могуць перашкодзіць прыняць такога чалавека на вайсковую службу па кантракце.

Апошнія навіны