BE RU EN

Sky News: Расея папярэдзіла Іран за некалькі гадзінаў да атакі Ізраіля

  • 26.10.2024, 13:25

Масква перадала Тэгерану выведныя звесткі.

Расея перадала Ірану выведныя звесткі. Гэта адбылося за некалькі гадзінаў да пачатку нападу Ізраіля на Іран 26 кастрычніка.

Пра гэта паведамляе на Sky News Arabia.

Крыніца выдання адзначае, што Расея паведаміла Ірану пра перамяшчэнне амерыканскіх і ізраільскіх вайскоўцаў. Паводле словаў суразмоўцы, Масква падала гэтую інфармацыю праз «супрацоўніцтва з Іранам і зніжэнне эскалацыі ў рэгіёне».

Як піша Sky News Arabia, Іран прыменшыў наступствы ізраільскага нападу. Тэгеран сцвярджаў, што на некаторых аб'ектах былі «невялікія наступствы». Пры гэтым іранскія СМІ адмаўлялі заявы Ізраіля аб ударах па 20 пунктах і аб удзеле 100 ізраільскіх ваенных самалётаў у нападзе.

Як дадае выданне, заявы Ірана пацвярджаюць, што ізраільскія ўдары былі накіраваныя на вайсковыя базы ў правінцыях Ілам, Хузестан і Тэгеран.

У суботу, 26 кастрычніка, Ізраіль досвіткам атакаваў Іран. Як заявілі ў войску абароны Ізраіля (Цахала), гэта быў адказ на ракетную атаку Тэгерана ў пачатку кастрычніка. Тады Іран выпусціў па Ізраілі блізу 200 балістычных ракетаў.

У сетцы паведамлялася пра выбухі ў Тэгеране і іншых гарадах.

ЦАХАЛ заявіў, што атакаваў толькі вайсковыя аб'екты ў Іране, у тым ліку батарэі СПА і аб'екты ў вытворчасці балістычных ракетаў. Ізраіль адзначае, што ў атацы ўдзельнічалі дзясяткі ваенных самалётаў.

У Пентагоне заявілі, што падтрымліваюць права Ізраіля на самаабарону, але падкрэслілі, што ЗША не дапусцяць пашырэння канфлікту ў рэгіёне.

Апошнія навіны