BE RU EN

«Адбылася злавесная для Лукашэнкі падзея»

  • 26.10.2024, 13:18

Чаму дыктатар спяшаецца з выбарамі?

У новым выпуску «Навінаў з Чалым» аналітык Сяргей Чалы звярнуў увагу на дзіўную гісторыю з выбарам даты правядзення прэзідэнцкіх «выбараў».

Яшчэ нядаўна з небыцця выцягнулі былую старшыню Цэнтральнай камісіі Беларусі Лідзію Ярмошыну, каб яна са спасылкай на Сталіна агучыла, што найлепшай датай для выбараў з'яўляюцца сакавік і лістапад. Іншыя ставілі на люты.

Чалы ўважае за непераканаўчую версію, што выбары перанеслі на 26 студзеня, каб знізіць вулічную пратэставую актыўнасць, бо маразы не перашкодзілі пратэстам 2006 і 2010 гадоў.

Замест гэтага аналітык прапануе звярнуць увагу на дату, калі была зацверджаная пастанова аб правядзенні выбараў. У плане мерапрыемстваў «палаты прадстаўнікоў» з 22 кастрычніка і да канца месяца не было ніякіх паседжанняў, найбліжэйшае было толькі ў лістападзе.

23 кастрычніка дэпутаты павінны былі працаваць у камісіях. На дзень раней, 22 кастрычніка, прайшло супольнае паседжанне дзвюх «палатаў», на якім прэм'ер Снапкоў расказваў пра дасягненні беларускай эканомікі. Лагічна было б прызначыць дату выбараў у той дзень.

Гэта азначае, на думку аналітыка, што «акно», калі ўзнікла неабходнасць разгледзець пытанне прызначэння выбараў, склала «літаральна лічаныя гадзіны».

«Адбылася нейкая нешараговая падзея, якую дакладна нельга растлумачыць ні раптоўным заканчэннем пяцігадовага цыклу эканамічнага планавання, ні адпачынкамі і святамі, ні халадамі. Нічым!»

Паводле словаў Чалага, гэтая падзея прымусіла Лукашэнку прыняць раптоўную пастанову не толькі ўдзельнічаць у «выбарах», але і правесці іх максімальна хутчэй. Яшчэ тыдзень таму, на «Дажынках» у Валожыне дыктатар унікаў прамога адказу на гэтае пытанне, а прапаганда раскручвала за ягоны кошт асобу Крутога, магчымага пераемніка Лукашэнкі.

Гэта падзея, як мяркуе аналітык, наўрад ці звязаная з унутранымі справамі, бо ўнутры Беларусі сёння нічога не адбываецца, і наўрад ці звязаная са знешняй палітыкай і эканомікай, бо там працэсы развіваюцца не так імкліва.

Што здарылася

Чалы высоўвае дзве гіпотэзы. Згодна з першай, прычынай стала рэзкае пагаршэнне прагнозу здароўя Лукашэнкі. Але ў такім выпадку якраз больш лагічны паскораны транзіт улады, каб унікнуць «некіравальнага транзіту» ў выпадку немагчымасці выконваць свае абавязкі.

Другая гіпотэза больш злавесная – Лукашэнка мог даведацца пра планы Расеі ў рэзкай эскалацыі сітуацыі не толькі ва Украіне. Эскалацыя гэтая можа здарыцца ў пачатку наступнага года, на думку Чалага, найбольш верагодна, што не пазней за люты.

Аналітык мяркуе, што эскалацыя плануецца такой, што Лукашэнка не можа тым часам перадаць сваю ўладу камусьці яшчэ.

23 кастрычніка ў Беларусь на перамовы якраз прыязджаў міністр абароны Расеі Андрэй Белавусаў, на якіх зацвердзілі задуму супольных ваенных вучэнняў «Захад-2025». Папярэднія вучэнні ў 2021 годзе скончыліся ўварваннем ва Украіну.

На думку Сяргея Чалага, вымалёўваецца трывожны сцэнарый.

Апошнія навіны