Яшчэ адна папулярная спявачка публічна падтрымала Камалу Гарыс
- 26.10.2024, 11:59
На найбуйнейшым перадвыбарным мітынгу ў Тэхасе.
Найбуйнейшы перадвыбарчы мітынг кандыдаткі ў прэзідэнты ЗША Камалы Гарыс сабраў 30 тысячаў чалавек у Х'юстане дзякуючы падтрымцы спявачкі Beyonce, паведамляе Time.
На мерапрыемстве ў штаце Тэхас Беёнс прадставіла Гарыс, заявіўшы, што прыйшла не як знакамітасць або палітык, а «як маці, якая клапоціцца пра свет, у якім будуць жыць яе дзеці».
«Мы знаходзімся на парозе неверагодных пераменаў, на мяжы гісторыі», – адзначыла Беёнсэ, дадаўшы, што выступае за свет, дзе ў людзей ёсць свабода распараджацца сваім целам і дзе няма месца падзелу.
Камала Гарыс у сваім выступе засяродзілася на тэме рэпрадукцыйных правоў. Яна заявіла, што Тэхас стаў «нулявым пунктам у барацьбе за рэпрадукцыйную свабоду». Паводле словаў кандыдаткі, у выпадку перамогі Дональда Трампа на выбарах забарона на аборты можа стаць агульнанацыянальнай.
«За чатыры гады прэзідэнцтва Дональд Трамп змог скасаваць паўвекавы прагрэс у галіне правоў жанчынаў. Цяпер ён хоча пайсці яшчэ далей… Калі Трамп пераможа зноў, ён увядзе забарону на аборты па ўсёй краіне», – падкрэсліла Гарыс.
Акрамя Beyonce, на мітынгу прысутнічалі іншыя знакамітасці, уключаючы яе былую калегу з групы Destiny's Child Келі Роўленд і кантры-спевака Вілі Нэльсана.
Раней у падтрымку Камалы Гарыс публічна выступіла спявачка Тэйлар Свіфт.