BE RU EN

КНДР рыхтуе другую групу вайскоўцаў для накіравання ў РФ

  • 26.10.2024, 11:31

Пра гэта стала вядома выведцы Паўднёвай Карэі.

Паводле звестак паўднёвакарэйскай выведкі, КНДР рыхтуе другую групу вайскоўцаў для адпраўкі ў падтрымку Расеі ў зоне баявых дзеянняў. Блізу 1500 паўночнакарэйскіх салдатаў ужо праходзяць трэніроўкі, яны прыбылі ва Уладзівасток у перыяд з 8 да 13 кастрычніка.

Усяго КНДР плануе накіраваць у Расею прыкладна 10 тысячаў вайскоўцаў. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дакументы паўднёвакарэйскіх выведнікаў.

Частку атрыманых выведных звестак Паўднёвая Карэя мае намер паказаць на пасяджэнні NATO 28 кастрычніка, паводле крыніцаў Bloomberg. Магчымыя адказы альянсу абмежаваныя, яны могуць уключаць у сябе дадатковую падтрымку Украіны і ўзмацненне супрацоўніцтва ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Дакументы выведкі таксама адкрываюць аб'ём ваенных паставак з КНДР, паведамляе Bloomberg. Са жніўня 2023 года Паўночная Карэя перадала Расеі блізу васьмі мільёнаў снарадаў калібраў 122 і 152 міліметра, блізу 100 ракетаў Hwasong-11, а таксама супрацьтанкавую зброю Bulsae-4. Паводле словаў крыніцы, гэтыя аб'ёмы значна перавышаюць папярэднія адзнакі еўрапейскіх афіцыйных асобаў.

Раней у кастрычніку паўднёвакарэйская выведка паведаміла, што КНДР прыняла пастанову накіраваць блізу 12 тысячаў вайскоўцаў для падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны. Пра падрыхтоўку паўночнакарэйскіх салдатаў на Далёкім Усходзе заяўляла таксама ўкраінская выведка.

Апошнія навіны