BE RU EN

Ізраіль абвясціў пра заканчэнне аперацыі адплаты супраць Ірана

  • 26.10.2024, 10:47

Усе самалёты шчасна вярнуліся на базы.

Войска абароны Ізраіля заявіла, што закончыла начныя авіяўдары па іранскіх вайсковых аб'ектах. Ва ўдарах на адлегласці блізу 1600 кіламетраў ад Ізраіля ўдзельнічалі дзясяткі самалётаў, уключаючы знішчальнікі, запраўшчыкі і самалёты-выведнікі.

Пра гэта паведамляе The Times of Israel.

Усе самалёты шчасна вярнуліся ў Ізраіль.

Удары наносіліся некалькімі хвалямі цягам некалькіх гадзінаў у розных раёнах Ірана.

Войска абароны Ізраіля сцвярджае, што ўдары былі нанесеныя па іранскіх вайсковых аб'ектах, уключаючы батарэі СПА і аб'екты ў вытворчасці балістычных ракетаў, якія выкарыстоўваліся пры іранскіх атаках на Ізраіль 1 кастрычніка і 14 красавіка.

Акрамя таго, вайскоўцы заяўляюць, што гэтыя ўдары далі ВПС Ізраілю «больш шырокую свабоду дзеянняў у паветры ў Іране» і што ў іх ёсць шырокі выбар цэляў, якія яны могуць падбіць падчас будучых аперацый, калі гэта запатрабуецца.

Страты, нанесеныя ўдарамі, будуць вызначаныя з часам, заяўляюць у Войску абароны Ізраіля, дадаўшы, што Іран заплаціў кошт за свае атакі на Ізраіль.

Пасля заканчэння ізраільскіх удараў па Іране афіцыйны прадстаўнік Войска абароны Ізраіля контр-адмірал Даніэль Хагары ў заяве на ангельскай мове папярэдзіў, што калі Іран «зробіць памылку», пайшоўшы на далейшую эскалацыю, Ізраіль адкажа.

Іран заявіў, што ягоная сістэма СПА паспяхова адбіла атакі Ізраіля, аднак некаторым аб'ектам была нанесеная «абмежаваная шкода».

У заяве іранскай супрацьпаветранай абароны гаворыцца, што Ізраіль атакаваў вайсковыя аб'екты ў правінцыях Тэгеран, Хузестан і Ілам.

Апошнія навіны