BE RU EN

ISW: Пуцін хлусіць, спрабуючы захаваць твар

  • 26.10.2024, 10:44

Кіраўнік Крамля нервуецца праз страты ў Курскай вобласці.

Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін спрабуе стварыць ілюзію кантролю за падзеямі ў Курскай вобласці. Для гэтага ён перабольшвае поспехі расейскіх войскаў у гэтым рэгіёне, а часам увогуле адкрыта хлусіць.

Сярод іншага, у інтэрв'ю расейскім прапагандыстам 25 кастрычніка Пуцін зноў заявіў пра нібыта акружэнне расейцамі 2 тыс. украінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. На гэта звярнулі ўвагу ў амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW).

Размаўляючы з прапагандыстамі дзяржаўнага расейскага тэлеканала «Расея 1», дыктатар зноў паўтарыў агучаную 24 кастрычніка на закрыцці саміту БРІКС тэзу пра нібыта «акружэнне» 2 тыс. украінскіх вайскоўцаў на Куршчыне. На гэты раз ён упрыгожыў заяву сцвярджэннем, што «акружаныя» ўкраінскія воіны «нават не разумеюць, што яны ў акружэнні». Таксама Пуцін дадаў, што сувязь паміж «акружанымі» падраздзяленнямі і асноўнымі ўкраінскімі сіламі нібыта страчаная і заявіў, што Расейскае мінабароны не паведамляла публічна пра паспяховы захоп расейскімі войскамі некаторых украінскіх пазіцый у Курскай вобласці.

«Пуцін зноў не прызнаў, што ўкраінскі выступ у Курскай вобласці распасціраецца ад украінска-расейскай міжнароднай мяжы і што ўкраінскія войскі могуць свабодна праходзіць праз кантраляваныя Украінай адрэзкі мяжы», – дадалі ў ISW.

Пры гэтым яшчэ пасля першай заявы Пуціна пра акружэнне ўкраінскіх воінаў і тое, што яны нібыта панеслі значныя страты, галоўны камандзір Узброеных сілаў Украіны Аляксандр Сырскі выступіў з публічным аспрэчаннем словаў расейскага дыктатара.

Таксама Сырскі агучыў страты, якія на Куршчыне з пачатку ўкраінскай аперацыі панесла пуцінскае войска. За гэты час Расея страціла 17819 сваіх вайскоўцаў, з іх 711 чалавек патрапілі ў палон да Сілаў абароны.

«Перабольшаная статыстыка Пуціна з нагоды ўкраінскіх стратаў, верагодна, з'яўляецца часткай ягонай спробы растлумачыць няздольнасць Расеі канчаткова адбіць украінскае ўварванне ў Курскую вобласць пасля амаль трох месяцаў у кантэксце верагоднага неўнікнёнага разгортвання паўночнакарэйскіх войскаў для баявых дзеянняў у гэтым раёне», – рэзюмавалі ў ISW.

Апошнія навіны