BE RU EN

Ва Украіне пачалі працу амбасадары пяці еўрапейскіх краінаў

  • 25.10.2024, 21:06

Прэзідэнт Украіны прыняў даверчыя граматы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў пятніцу, 25 кастрычніка, прыняў даверчыя граматы ад амбасадараў пяці еўрапейскіх краінаў: Ірландыі, Ісландыі, Літвы, Фінляндыі і Чарнагорыі.

Пра гэта паведамілі ў Офісе прэзідэнта Украіны.

Зяленскі, як адзначаецца, падзякаваў амбасадарам за падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, павіншаваў з пачаткам дыпламатычнай місіі і выказаў надзею на развіццё міждзяржаўнага дыялогу.

З амбасадарам Фінляндыі Тар'і Арвокі Фернандэсам прэзідэнт гаварыў пра прыярытэтныя патрэбы Узброеных сілаў Украіны на полі бою. Таксама ён падзякаваў Хельсінкі за ваенную дапамогу і падтрымку «формулы міру».

Амбасадару Ірландыі Джонатану Конлану прэзідэнт падзякаваў за падтрымку Украіны з боку Дубліна, нягледзячы на ваенны нейтралітэт. Ён таксама запрасіў Ірландыю ўзяць удзел у трэцім саміце ініцыятывы Grain from Ukraine.

Асноўныя тэмы абмеркавання з амбасадаркай Чарнагорыі Баранкай Сімічэвіч – «падрыхтоўка зместу двухбаковага пагаднення і далейшыя кантакты на найвышэйшым узроўні», адзначылі ў ОП.

У час сустрэчы з амбасадаркай Літвы – Інгай Станітэ-Талачкенэ Зяленскі падзякаваў за ўсебаковую дапамогу Украіне, сярод іншага за гатоўнасць штогод вылучаць абаронную падтрымку памерам 0,25 адсотка ВУП.

А сярод галоўных тэмаў размовы з амбасадарам Ісландыі Фрыдрыкам Ёнсанам былі падтрымка еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны, «формулы міру» і «плану перамогі», а таксама будучыя кантакты «ў двухбаковым і шматбаковым фарматах».

Апошнія навіны