BE RU EN

Украіна закончыла ратыфікацыю Рымскага статута

  • 25.10.2024, 20:29

Ён быў падпісаны яшчэ ў 2000 годзе.

Украіна зрабіла апошні фармальны крок для ратыфікацыі Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суду, перадаўшы на захоўванне ратыфікацыйную грамату.

Пра гэта паведаміла намесніца старшыні Офіса прэзідэнта Украіны Ірына Мудрая.

Мудрая разам з сталым прадстаўніком Украіны пры ААН Сяргеем Кісліцам дэпанавала ратыфікацыйную грамату на захоўванне ў дэпазітарый Рымскага статута.

«Цяпер Рымскі статут канчаткова з Украінай. Гэта быў складаны шлях, але мы яго прайшлі і ганарымся гэтым дасягненнем», – дадала яна.

Украіна падпісала Рымскі статут яшчэ ў 2000 годзе, але за ўвесь гэты час так і не ратыфікавала яго – нават нягледзячы на тое, што ў 2015 годзе неабходнасць ратыфікацыі прызналі пастановай Рады нацбяспекі і абароны. Адной з прычынаў называлі небяспеку, што МУС можа змушаць да адказнасці грамадзянаў Украіны.

Аднак у жніўні 2024-га Вярхоўная рада прагаласавала за ратыфікацыю Рымскага статута, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў адпаведны закон.

Украіна ратыфікавала Рымскі статут з асобнай заявай, паводле якой цягам 7 гадоў пасля пачатку дзеяння ратыфікацыйнага закона «Украіна не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда ў дачыненні да яе грамадзянаў ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 8 Рымскага статута».

Пакуль няма яснасці, як менавіта будзе працаваць гэтая норма, беручы да ўвагі тое, што Украіна ўжо цяпер дала МУС права расследаваць злачынствы, учыненыя на яе тэрыторыі.

Апошнія навіны