BE RU EN

У Міністэрстве аховы здароўя патлумачылі, чаму забаранілі прадаваць у Беларусі «Ролтан»

  • 25.10.2024, 17:25

Чыннік важкі.

Міністэрства аховы здароўя забараніла прадаваць у Беларусі прадукцыю расейскай кампаніі «Марэвен Фуд Сэнтрал», якая выпускае папулярную локшыну хуткага прыгатавання пад брэндам «Ролтан». У ведамстве патлумачылі, з чым гэта звязанае.

У Міністэрстве аховы здароўя расказалі, што ў сухім бульбяным пюрэ з курыным смакам «Петра», вытворчасці ТАА «Марэвен Фуд Сэнтрал», выяўлены каліформы, гэта значыць, бактэрыі групы кішачнай палачкі.

Парушэнне стала падставай, каб забараніць увоз на тэрыторыю Беларусі і продаж усяго асартыменту прадукцыі ТАА «Марэвен Фуд Сэнтрал», у тым ліку брэндаў «Ролтан» і «Біг Бон».

Такія ж захады ўжылі і да іншых кампаній, у якіх знайшлі парушэнні. Так, у вафлях ад расейскага «Вытворчага комплексу «Кундрат» у складзе выявіўся кансервант (сарбінавая кіслата), які не быў заяўлены вытворцам на маркіроўцы. А ў маркіроўцы бісквітнага рулету ад расейскай «Кандытарскай фабрыкі «Вікторыя» не паказалі сінтэтычнага фарбавальніку (тартразін), які знайшлі ў прадукце.

У марской солі ад партугальскай Salexpor Companhia Portugueza De Sal Higienizado фактычнае змяшчэнне ёду не адпавядае нармаванаму значэнню, а бактэрыі групы кішачнай палачкі апынуліся ў агародніннай сумесі «Гавайская» і «Мексіканская» ад расейскай «Вытворчай кампаніі ЮЖ». Усю прадукцыю гэтых кампаній забаранілі пастаўляць у Беларусь і прадаваць у нашай краіне.

Такі ж лёс напаткаў і двух расейскіх вытворцаў алюмініевай фольгі - ТАА «ТДЗ» і ТАА «Інтрапластыка». Іх прадукцыя не прайшла праверку на бяспеку.

У Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што для таго, каб харчовая прадукцыя названых кампаній змагла вярнуцца на рынак Беларусі, вытворцы павінны «арганізаваць правядзенне мерапрыемстваў карэктавання, забяспечыць іх эфектыўнасць, стабільнасць працэсаў вытворчасці, захоўвання, транспартавання прадукцыі, а таксама дзейсную сістэму кантролю якасці, уключаючы лабараторныя даследаванні прадукцыі, ацэнку рызыкі фактараў, якія выклікалі ўвядзенне абмежаванняў, і дасягненне па іх прымальнага ўзроўню».

Апошнія навіны