BE RU EN

Манголію афіцыйна прызналі парушальніцай праз адмову арыштаваць Пуціна

  • 24.10.2024, 20:18

Справу разгледзіць Асамблея дзяржаваў – удзельніцаў Рымскага статута.

Палата папярэдняй вытворчасці II Міжнароднага крымінальнага суда пацвердзіла, што адмова Манголіі арыштаваць кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна – ігнараванне абавязальніцтваў. Таму справу разгледзіць Асамблея дзяржаваў – удзельніцаў Рымскага статута.

Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.

Згодна з пастановай палаты папярэдняй вытворчасці, Манголія не выканала просьбу МУС аб супрацоўніцтве, насуперак палажэнням Рымскага статута. Такі крок Улан-Батара перашкаджаў ажыццяўленню судом сваіх функцый і паўнамоцтваў.

«Беручы да ўвагі сур'ёзнасць адмовы Манголіі супрацоўнічаць з судом, Палата ўважае за неабходнае перадаць гэтае пытанне на разгляд Асамблеі дзяржаваў-удзельніцаў», – сказана ў паведамленні МУС.

Таксама палата папярэдняй вытворчасці ў сваёй пастанове падкрэсліла, што імунітэт кіраўніка дзяржавы не з'яўляецца падставай для таго, каб ігнараваць ордар на арышт.

«Дзяржавы-ўдзельніцы і дзяржавы, якія прызнаюць юрысдыкцыю суда, абавязаны арыштоўваць і выдаваць асобаў, на якіх выдадзеныя ордары МУС, незалежна ад іх афіцыйнага становішча або грамадзянства», – пацвердзіла палата папярэдняй вытворчасці.

Апошнія навіны