BE RU EN

Саміт БРІКС падкрэсліў супярэчнасці паміж сябрамі Пуціна

  • 24.10.2024, 17:37

Тусоўка без абавязкаў, ідэалогіі і агульных каштоўнасцяў.

Саміт БРІКС стаў найбуйнейшым міжнародным мерапрыемствам у Расеі пасля пачатку вайны з Украінай. Але насуперак сцвярджэнням расейскай прапаганды, БРІКС так і не стаў альтэрнатывай заходнім звязам, а паміж яго ўдзельнікамі застаецца мноства супярэчнасцяў, паказала трохдзённая сустрэча ў Казані, піша Telegram-канал «Можем объяснить».

СМІ РФ асвятлялі саміт у дакладнай адпаведнасці з метадычкай, пра якую распавяла «Медуза»: БРІКС - альтэрнатыва Захаду, якой ён баіцца. Характэрныя загалоўкі: «Захад за бортам», «Краіны Глабальнага поўдня створаць супольнасць адзінага лёсу», «У Еўропе спалохаліся».

У рэальнасці сімвалам таго, што адбывалася ў Казані, стала старонка з загалоўкам «Што такое БРІКС» на сайце арганізацыі: яна пустая. У раздзеле «гісторыя» напісана, што БРІКС - гэта «нефармальная група дзяржаў», без агульных структур, органаў кіравання, якіх-небудзь абавязанняў адзін перад адным.

Ніякіх палітычных пастаноў і публічных дамоўленасцяў дасягнута не было. У прынятай дэкларацыі з 134 пунктаў Украіна згадваецца толькі аднойчы: «З задавальненнем адзначаем прапановы аб пасярэдніцтве і добрых паслугах, закліканыя забяспечыць мірнае ўрэгуляванне канфлікту». Прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян прапанаваў прэзідэнту Азербайджану Ільхаму Аліеву «нарэшце» падпісаць мірную дамову паміж дзвюма краінамі, але адказу не атрымаў. Bloomberg піша: спроба Пуціна стварыць антызаходні альянс атрымала адпор ад Індыі.

Няма і эканамічных дасягненняў. У 2014 годзе краінамі БРІКС быў створаны Новы банк развіцця. Расея валодае 18,98% яго капіталу, пры гэтым банк вымушаны выконваць антырасейскія санкцыі Захаду і пасля пачатку вайны не адкрывае новыя праекты ў РФ. Хоць лозунгам саміту стала «барацьба з далярам», ніякіх пагадненняў на гэты конт не з'явілася. Пуціну на саміце паказалі сімвалічную «купюру БРІКС» (на фота). Але Дзмітрый Пяскоў адкрыта назваў яе «квазіграшыма».

«БРІКС - гэта тусоўка без абавязанняў, ідэалогіі і агульных каштоўнасцяў, - сказаў «МО» палітолаг Іван Праабражэнскі. - Арганізацыя, у якую адначасова ўваходзяць Індыя і Кітай, інакш і быць не можа. Але кожнаму з удзельнікаў яна патрэбна для сваіх мэт. Расеі - супрацьстаяць Захаду, Кітаю - заганяць туды сваіх сатэлітаў, Індыі - гандляваць з Расеяй і стрымліваць Кітай».

Апошнія навіны