BE RU EN

«Па ўсё гэта трэба ехаць у Менск»

  • 24.10.2024, 15:47

На што скардзяцца жыхары спадарожнікаў сталіцы, якія Лукашэнка зноў узяўся развіваць.

Лукашэнка прапанаваў правесці хуткасныя чыгуначныя лініі ў гарады-спадарожнікі Менска. «Радыё Свабода» паглядзела, што зараз з імі адбываецца і чаго не стае іх жыхарам.

21 кастрычніка, гаворачы аб транспартнай інфраструктуры, Лукашэнка прапанаваў пабудаваць хуткасныя чыгуначныя лініі да гарадоў-спадарожнікаў Менска. На яго думку, гэта дапаможа разгрузіць густанаселеную сталіцу, а людзям з гэтых гарадоў будзе больш зручна дабірацца на працу ў Менск.

«Трэба ствараць нармальнае не толькі аўтамабільнае, але і чыгуначнае, і іншае злучэнне. Шмат распрацовак у свеце ўжо ёсць. Таму ў гэтым кірунку нам трэба рухацца, і ў наступнай пяцігодцы пытанні гарадоў-спадарожнікаў, асабліва Менска, мы павінны развязаць», - сказаў ён.

Цяпер спадарожнікі Менска - гэта Койданава, Фаніпаль, Смалявічы, Лагойск, Заслаўе і пасёлак Рудзенск. Улады не першы раз гавораць аб неабходнасці іх развіцця.

У некаторыя гарады-спадарожнікі Менска ўжо пэўны час можна дабрацца на цягніках гарадскіх ліній.

Як улады развівалі гарады-спадарожнікі

Амбіцыйныя планы росту гарадоў-спадарожнікаў чыноўнікі агучылі яшчэ ў 2014 годзе. Планавалася, што за 10-15 год прырост насельніцтва там складзе 120-130 тысяч чалавек. Толькі з Менска, згодна з планамі, туды павінны былі пераехаць 50-60 тысяч чалавек.

Аднак за 10 гадоў колькасць насельніцтва ўсіх гарадоў-спадарожнікаў павялічылася ўсяго на 21 031 чалавек, што ў шэсць разоў менш за запланаванае.

У Рудзенску колькасць жыхароў нават скарацілася - на 68 чалавек. А за апошні год (2023/2024) колькасць насельніцтва зменшылася ў Заслаўі (мінус 15) і Койданаве (таксама мінус 15 жыхароў).

Таксама ў гарадах-спадарожніках сталі менш будаваць жытло. Калі летась за першае паўгоддзе ў Койданаўскім раёне, дзе знаходзіцца Фаніпаль, пабудавалі 37,7 тысячы квадратных метраў агульнай жылой плошчы, то сёлета — 21,4 тысячы.

У Смалявіцкім раёне летась за паўгода здалі крыху больш за 43 тысячы квадратных метраў агульнай жылой плошчы, а сёлета — 42,6 тысячы. У Лагойскім раёне ў 2023 годзе за першае паўгоддзе пабудавалі 26,3 тысячы квадратных метраў жылля, а ў гэтым - 19,4 тысячы.

У Пухавіцкім раёне, куды ўваходзіць Рудзенск, летась за першае паўгоддзе ўвялі ў эксплуатацыю 32,8 тысячы квадратных метраў жылой плошчы. Сёлета за той жа перыяд - толькі 20,8 тысячы квадратных метраў.

У большасці раёнаў, дзе знаходзяцца гарады-спадарожнікі Менска, з 2015 года колькасць школ не павялічылася. У Койданаўскім раёне іх па-ранейшаму 25, у Пухавіцкім, дзе размешчаны Рудзенск, была 31 школа, а стала 28. У Смалявіцкім раёне стала на адну школу больш, а ў Лагойскім - на дзве менш.

“Дрэнная вада, нястача лекараў, настаўнікаў і гіпермаркетаў”

“Свабода” на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з некалькімі былымі і цяперашнімі жыхарамі гарадоў-спадарожнікаў беларускай сталіцы. На іх думку, злучэнне з Менскам - важнае пытанне. Аднак суразмоўцы перакананыя, што хуткасныя цягнікі нельга будзе запускаць кожныя 20 хвілін. А дабірацца да Менска без асабістага аўтамабіля жыхарам часам даводзіцца да 50 хвілін.

"Ездзіць маршруткамі або электрычкамі кожны дзень на працу ў Менск нязручна, без аўто гэта складана", — зазначыў адзін з суразмоўцаў.

Некаторыя таксама паскардзіліся на якасць вады ў гарадах-спадарожніках.

“Вада бывае бруднай, а ўлетку яе проста няма. Праблема перасоўвацца з дзіцячым вазком. Вялікая праблема з лекарамі, яна заўсёды была. Няма вузкіх спецыялістаў, праблема нават да лору патрапіць”, - пералічвае адзін з суразмоўцаў.

Яшчэ адна праблема, на якую звярнулі ўвагу суразмоўцы "Свабоды": не стае трэнераў, кіраўнікоў гурткоў, настаўнікаў і педагогаў. Ёсць таксама пытанні да вольнага часу - мала кавярняў, няма сеткавых крам і буйных гіпермаркетаў.

“Па ўсё гэта трэба ехаць у Менск”, - дадае адзін з суразмоўцаў.

Апошнія навіны