BE RU EN

Ігар Кізім: Я памятаю «бляяння ягнят» ад беларускіх чыноўнікаў аб уварванні РФ ва Украіну

  • 24.10.2024, 13:41

Украінскі дыпламат адказаў Лукашэнку.

Амбасадар у асаблівых даручэннях МЗС Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у «Фэйсбуку» пракаментаваў заявы Лукашэнкі ў інтэрв'ю BBC.

“Ну вярталіся сабе расейскія войскі да сябе з вучэнняў на поўдні Беларусі, а потым раз - і павярнулі на Кіеў, - інтэрпрэтаваў словы Лукашэнкі дыпламат. - Але неяк не тлумачыць, чаму адначасова паляцелі ракеты і бомбы па ўкраінскай тэрыторыі з беларускіх аэрадромаў і чаму гэтае ўварванне доўжылася не адзін месяц. Хоць не, тлумачыць, - "спытайце ў Зяленскага". Нармальна”.

“Знаходзячыся ў той час у Менску, я памятаю тыя “бляянні ягнят” (ці іх маўчанне), якімі тлумачылі тамтэйшыя дыпламаты і чыноўнікі відавочны факт расейскай агрэсіі і яе падтрымку беларускай уладай. Прынамсі да таго, як іх правадыру не падрыхтавалі адпаведныя тэзісы, якія ён дагэтуль выкарыстоўвае падчас такіх інтэрв'ю”, - дадаў ён.

Паводле слоў Кізіма, Лукашэнка "наогул мала што мяняе ў сваіх ацэнках і тлумачэннях (якія яму ўпіхнулі ў галаву КДБ і СВР), хіба што ў бок нагнятання і дадавання "жахлівых" прыкладаў".

“Так, у адказ Розенбэргу на пытанне, чаму ён не падтрымаў Украіну, ён зноў панёс такую лухту, што нават я здзівіўся… Прычынай называюцца і санкцыі, і захоп вагонаў, і арышт аўтамабіляў з кіроўцамі (якіх ён нібыта вызваліў, правёўшы спецаперацыю), і пяцёра забітых беларусаў, целы якіх нібыта "раздзялілі, каб мы не зразумелі, як яны загінулі", — звярнуў увагу спецыяльны амбасадар

Кізім нагадаў, што "першыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на яе суўдзел у расейскай агрэсіі Украіна ўвяла толькі ў лістападзе 2022 года" сітуацыя з вагонамі і аўтамабілямі таксама адбылася "ўжо пасля пачатку агрэсіі" і стала "апраўданай рэакцыяй з украінскага боку".

“Аперацыя “вызвалення” - гэта было банальнае выкарыстанне сітуацыі з абменам украінскіх кіроўцаў, якія вярталіся з Расеі праз Берасце на расейскіх, якія ехалі ў Расею, - падкрэсліў ён. - Беларусь патрабавала дадаць сваіх кіроўцаў (іх і так планавалі аддаць пазней) у спісы расейцаў. Але самым цікавым у "тлумачэннях" выглядае павелічэнне колькасці беларусаў, якіх "парэзалі". У папярэдніх інтэрв'ю, я памятаю, гаворка ішла аб двух, а цяпер ужо аб пяцярых”.

“Што будзе далей? Кажу гэта без асаблівага сарказму, а тым больш самаздаволення. Мой каментар, перш за ўсё, для таго, каб зразумець, чаго чакаць не толькі беларусам, але і нам, украінцам і іншым краінам нашага рэгіёна ад знаходжання ва ўладзе гэтага чалавека яшчэ наступныя пяць гадоў”, - падсумаваў Кізім.

Апошнія навіны