BE RU EN

У Польшчы затрымалі арганізатараў нелегальнай міграцыі

  • 24.10.2024, 9:41

Сярод затрыманых ёсць беларусы.

На мінулым тыдні супрацоўнікі Падляшскага аддзялення Памежнай аховы Польшчы правялі маштабную аперацыю, падчас якой была затрымана група, якая займаецца арганізацыяй незаконнай перавозкі мігрантаў, якія перасякаюць мяжу з Беларуссю для далейшага выезду ў Заходнюю Еўропу. Аперацыя была арганізаваная пры падтрымцы Еўрапола, паведамілі ў Памежнай ахове.

У ліку затрыманых былі грамадзяне Украіны, Беларусі, Расеі і Польшчы. Аперацыя затрымання праходзілі ў розных рэгіёнах краіны. Падчас вобшукаў, якія былі праведзены ў 11 аб'ектах нерухомасці і некалькіх транспартных сродках, былі канфіскаваны сродкі сувязі, камп'ютары, дакументы, а таксама грошы на суму 80 тысяч злотых.

Затрыманым былі выстаўленыя абвінавачанні ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы. Шасцёра падазроных паводле пастановы судоў былі змешчаныя пад варту.

«У пераважнай большасці выпадкаў роля затрыманых у арганізацыі нелегальнай міграцыі складалася ў пошуку ў Польшчы кур'ераў, якія перавозілі нелегальных мігрантаў з раёна мяжы з Беларуссю да мяжы з Нямеччынай.

У адным з выпадкаў грамадзянін РФ пад маркай вядзення бізнэсу ў пракаце аўтамабіляў у Польшчы сам набіраў кур'ераў і даваў завербаваным кіроўцам аўтамабілі, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі нелегальных мігрантаў», - распавялі ў прэс-службе Памежнай аховы.

Адзначаецца, што з пачатку года памежнікі Падляшша ўжо затрымалі 321 перавозчыка нелегальных мігрантаў. У дачыненні да 66 прынятая мера стрымання ў выглядзе часовага арышту.

Апошнія навіны