BE RU EN

Прэм'ер Індыі скараціў удзел у саміце БРІКС дзеля сустрэчы з канцлерам Нямеччыны

  • 23.10.2024, 21:23

Олаф Шольц заўтра наведае Індыю.

Прэм'ер-міністр Нарэндра Модзі не стаў чакаць заканчэння саміту БРІКС у Казані і датэрмінова закончыў свой візіт, вылецеўшы ў Нью-Дэлі ў сераду, 23 кастрычніка. Фатаграфію кіраўніка дзяржавы на трапе самалёта выклаў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў (МЗС) Рандхір Джайсвал.

Модзі ўзяў удзел у пашыраным пасяджэнні саміту ў аўторак і ў той самы дзень перагаварыў тэт-а-тэт з дыктатарам Расеі Уладзімірам Пуціным. На наступны дзень прэм'ер правёў яшчэ некалькі двухбаковых сустрэчаў і развітаўся, перадаўшы кіраўніцтва індыйскай дэлегацыяй кіраўніку МЗС Субраманіям Джайшанкару, паведамляе The Moscow Times.

Модзі скараціў сваю прысутнасць на саміце ў Казані праз канцлера Нямеччыны Олафа Шольца. Той прыедзе 24 кастрычніка ў Індыю для ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы абароны і бяспекі. Таксама лідары абмяркуюць развіццё двухбаковых стасункаў у іншых галінах. У МЗС Індыі ўдакладнілі, што Шольц прыбудзе з афіцыйным візітам на асабістае запрашэнне Модзі. Канцлера будуць суправаджаць прадстаўнікі ягонага кабміна.

Паездка на саміт БРІКС стала другім візітам Модзі ў Расею за апошнія тры месяцы. Абодва разы ён заклікаў Пуціна спыніць вайну з Украінай. «Мы мяркуем, што праблемы павінны развязвацца мірнымі спосабамі, і мы поўнасцю падтрымліваем больш хуткае ўстанаўленне міру і стабільнасці», – заявіў індыйскі прэм'ер у Казані, выказаўшы гатоўнасць выступіць пасярэднікам і «прапанаваць любое магчымае спрыянне» ў мэтах заканчэння вайны.

Да гэтага, у ліпені, Модзі прыязджаў на перамовы з Пуціным у Маскву. Гэты візіт у Расею стаў першым для кіраўніка індыйскага кабміна пасля пачатку вайны ва Украіне. У дзень прыбыцця Модзі ў расейскую сталіцу войска РФ нанесла масаваны ракетны ўдар па ўкраінскіх цывільных аб'ектах, у тым ліку па найбуйнейшай дзіцячай лякарні ў Кіеве «Ахматдзет». У агульнай колькасці ад атакі тады загінулі больш за 40 чалавек, у тым ліку дзеці.

Модзі заявіў Пуціну, што адчуў «боль і жах» ад таго, што адбылося. «Мірныя пастановы і перамовы не могуць спрацаваць сярод бомбаў, гарматаў і снарадаў», – сказаў прэм'ер, дадаўшы, што заклікае дасягнуць міру ва Украіне з дапамогай дыялогу.

Неўзабаве стала вядома пра скасаванне перамоваў у пашыраным складзе, якія павінны былі адбыцца пасля нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў тэт-а-тэт і афіцыйных перамоваў у вузкім складзе. У канцы 2022 года Модзі скасаваў сустрэчу з Пуціным на фоне ядзерных пагрозаў расейскага прэзідэнта на адрас Украіны.

Апошнія навіны