BE RU EN

У Беларусі банкрутуе фірма, звязаная з будаўніцтвам вядомых заводаў і ГЦ

  • 23.10.2024, 20:36

Да гэтага яна патрапіла ў «чорны» спіс «Саўміна».

Банкрутуе беларуская «дачка» міжнароднай кампаніі Inros lackner – фірма «Інрас лакнер блр». Яна займалася праектаваннем завода чыпсаў «Анега» і Тураўскага малочнага камбіната, а таксама рэканструкцыяй будынкаў «Лідскага піва», паведамляе «Люстэрка».

З заявай пра пачатак справы аб банкруцтве звярнулася само прадпрыемства – «Інрас лакнер блр» (раней называлася «Белпрамбаўплан Кансалт»). Першае паседжанне прайшло ў чэрвені. На той момант фірма мела запазычанасці на 1,28 млн рублёў. У той самы час яе актывы ацэньваліся на 368 тыс. рублёў. Гэта вынікае з дакументаў, апублікаваных у адзіным дзяржрэестры звестак аб банкруцтве.

Фірма была павінна партнёрам і сваім супрацоўнікам. Таксама мелася запазычанасць у падатках і крэдытах. 15 кастрычніка яе прызналі банкрутам – з наступнай ліквідацыяй.

«Інрас лакнер блр» заснавалі ў 1993 годзе, яна працавала ў сферы архітэктуры, будаўнічых канструкцый і інжынерна-тэхнічных сістэмаў. Фірма належыць дзвюм нямецкім кампаніям і беларускаму бізнэсмэну і знаходзіцца ў спісе фірмаў, якім забаранілі без спецдазволу ўладаў выводзіць актывы з нашай краіны.

За гады працы арганізацыя брала ўдзел у будаўніцтве і праектаванні будынкаў вядомых прадпрыемстваў, уключаючы завод у вытворчасці чыпсаў «Анега», Тураўскі малочны камбінат, а таксама будынкі, дзе размешчанае «Лідскае піва». А яшчэ – гандлёвы цэнтр «МAGNIT» у Менску, гандлёвы дом «Ждановічы», лагістычны комплекс McDonald's і складскі комплекс «Еўраопта».

Калі ў 2022 годзе ў кампаніі працавала 16 чалавек (а да гэтага паведамлялася пра больш як 60 дыпламаваных архітэктараў у калектыве), то ў 2024-м – толькі двое.

Апошнія навіны