BE RU EN

Літва разрывае пагадненне з Расеяй аб гандлёвым мараходстве

  • 23.10.2024, 16:55

Названыя прычыны.

Кабінет міністраў Літвы адобрыў прапанову Міністэрства транспарту і камунікацый аб скасаванні пагаднення з Расеяй аб гандлёвым мараходстве. Аб гэтым паведамляе літоўская газета Kauno Diena.

Пасля ўхвалення ўрадам прэзідэнту Літвы будзе прапанавана ўнесці ініцыятыву скасавання пагаднення аб гандлёвым суднаходстве з РФ на разгляд Сейма.

Паводле інфармацыі Міністэрства транспарту і сувязі Літвы, пагадненне было ўкладзенае ў 1993 годзе і рэгулюе дачыненні краін у сферы марскога транспарту.

Яно ўключае ў сябе рэгуляванне арганізацыі перавозкі грузаў, супрацоўніцтва паміж суднаходнымі або звязанымі з суднаходствам кампаніямі і арганізацыямі, мытныя і іншыя фармальнасці ў партах і да т.п.

Міністэрства транспарту і камунікацый краіны мяркуе, што пагадненне не актуальнае для Літвы. Больш за тое, яно немагчымае, бо ўсякае супрацоўніцтва з Расеяй спынілася праз напад Расеі на Украіну.

На момант падпісання дакумента Літва яшчэ не была чальцом Міжнароднай марской арганізацыі, а як яе чалец краіна ратыфікавала мноства канвенцый па бяспечным выкарыстанні суднаў, працы маракоў, прадухіленні забруджвання.

Для гарантавання бяспекі суднаходства Літва таксама далучылася да рэгіянальных пагадненняў, такіх як Парыжскі мемарандум.

Апошнія навіны