BE RU EN

Беларус стварае ў Польшчы венчурны фонд аб'ёмам шэсць мільёнаў еўраў

  • 23.10.2024, 15:20

Мэта - дапамагчы стартапам у сферы прамысловасці.

Bridgio - акселератар, які заснаваў беларускі прадпрымальнік Раман Пахолкаў, - запускае ў Польшчы новы венчурны фонд аб'ёмам 6 мільёнаў еўраў. Інвеставаць плануецца ў стартапы з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы на стадыях pre-seed (папярэдні раўнд стартапа) і seed (інвестыцыі ў правераную гіпотэзу бізнэс-мадэлі) у сферы робататэхнікі, аўтамабілістыкі, энэргетыкі і прамысловай аўтаматызацыі, піша devby.io.

Bridgio Fund 25 вызначаюць сваю мэту так: "Дапамагчы стартапам, якія працуюць у сферы прамысловасці, раскрыць свой патэнцыял на рынках ЕЗ і ЗША".

Фонд абяцае не толькі фінансавую падтрымку, але і экспэртную - ад розных вузкапрофільных інжынераў і спецыялістаў. Да паслуг стартапаў таксама рэсурсы ад карпаратыўных партнёраў Bridgio – Infineon, Nvidia, Nokia і Amazon, і дапамога з інтэграцыяй сваіх прадуктаў у вытворчыя працэсы кліентаў.

У Bridgio Fund 25 перакананыя, што лакальныя тэхналагічныя стартапы могуць скласці сур'ёзную канкурэнцыю для заходнееўрапейскіх і амерыканскіх прадуктаў, бо яны прапануюць рашэнні высокай якасці прымальным коштам. І для стартапаў гэта добрая магчымасць замацаваць рэпутацыю на заходніх рынках і атрымліваць больш высокія даходы.

У фондзе кажуць, што ніша хардварных праектаў (праекты, якія прапануюць гатовы прадукт) складае толькі блізу 8% ад агульнай колькасці, таму яны "наўмысна не ўстанаўліваюць дадатковых абмежаванняў і адкрыты для самых розных падгалін хардварных тэхналогій".

Ці могуць падаць заяўкі прадпрымальнікі з Беларусі - так, адказвае каманда. Яны гатовы "падтрымаць усе інтэрнацыянальныя каманды ў нашай сферы".

- Аднак, наш досвед і экспертыза будуць асабліва карысныя стартапам з Усходняй Еўропы. Значна важнейшымі патрабаваннямі для Bridgio з'яўляюцца наяўнасць тэхнічных спецыялістаў, фокус на хардварных развязанняў у сферы вытворчасці, а таксама скіраванасць на рынкі ЗША і Заходняй Еўропы. Толькі пры наяўнасці гэтых трох чыннікаў мы можам быць упэўнены ў максімальнай эфектыўнасці нашай працы з фаўндэрамі.

На пытанне, на які сярэдні чэк могуць разлічваць фаўндэры стартапаў, у фондзе называюць суму амаль 50 тысяч даляраў на этапе акселерацыі.

- Акрамя таго, у рамках постакселерацыйнай праграмы Bridgio мы прапануем інвестыцыі да 300 тысяч даляраў, каб падтрымаць далейшае развіццё і маштабаванне вашага праекта.

Апошнія навіны