BE RU EN

Пад Барысавам цягнік пратараніў мікрааўтобус

  • 22.10.2024, 21:49

У БЧ паведамілі пра збоі ў раскладзе.

Пад Барысавам цягнік пратараніў мікрааўтобус на чыгуначным пераездзе, загінула жанчына, паведамілі ва УУС Менаблвыканкама. У БЧ інфармавалі пра магчымыя затрымкі цягнікоў праз аварыі.

Спачатку пра аварыю паведаміла Беларуская чыгунка. Сутыкненне адбылося сёння, 22 кастрычніка, блізу 17.58 на перагоне Барысаў – Жодзіна ў Барысаўскім раёне.

Там мікрааўтобус Volkswagen выехаў на чырвонае святло на рэгуляваным чыгуначным пераездзе пры спраўнай сігналізацыі. Машыніст грузавога цягніка экстранна затармазіў.

Пазней у ДАІ расказалі, што загінула 61-гадовая кіроўца мікрааўтобуса – паводле папярэдняй інфармацыі, жыхарка Барысава ехала на Volkswagen Caravella у кірунку вёскі Перасады. Як пацвердзілі ў ДАІ, рухалася аўто на забараняльны сігнал.

«Адбылося сутыкненне. Кіроўца ад атрыманых цялесных пашкоджанняў загінула на месцы здарэння», – расказалі ў ДАІ.

«У выніку сутыкнення пашкоджаны лакаматыў грузавога цягніка. З прычыны здарэння цягнік № 6021 Слаўнае – Менск адпраўленнем са ст. Слаўнае ў 16.54 і прыбыццём на ст. Менск-Пасажырскі ў 19.42 ідзе са спазненнем арыентавальна 50 хвілінаў. Таксама магчымыя затрымкі асобных цягнікоў, якія курсуюць на адрэзку Орша – Менск», – паведамлялі ў БЧ.

Апошнія навіны