BE RU EN

Украінскія ўлады дазволілі цывільным самалётам лятаць у Кіеў і Львоў

  • 22.10.2024, 19:27

Дазвол набывае моц з 1 лістапада 2024 года.

Самалёты кампаніі «Новая пошта» змогуць выконваць рэйсы ў Кіеў і Львоў, вынікае з загада Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Украіны. Згодна з дакументам, авіякампанія Supernova Airlines атрымала права на пералёты па маршрутах Львоў - Прага і Кіеў - Прага з частатой да сямі рэйсаў на тыдзень для выканання рэгулярных міжнародных перавозак. Дазвол набывае моц з 1 лістапада 2024 года і будзе дзейнічаць цягам неабмежаванага тэрміна.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі паветраная прастора Украіны была закрытая для цывільнай авіяцыі, і пытанне аб аднаўленні палётаў раней узнімалася не раз. У ліпені 2023 года Паветраныя сілы УСУ падкрэслівалі, што аднаўленне авіязлучэнняў пакуль небяспечнае праз сталую пагрозу расейскіх ракетных удараў і дронаў.

У лютым 2024 года старшыня Дзяржавіяслужбы Украіны Аляксандр Більчук адзначыў, што для поўнай падрыхтоўкі авіяцыі да аднаўлення пасажырскіх перавозак спатрэбіцца блізу месяца. Пачатак работ залежыць толькі ад атрымання дазволу на палёты, указваў ён.

У траўні кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба, каментуючы прагноз Еўракантролю, паводле якога абмежаванні на палёты над Украінай могуць працягнуцца да 2029 года, заявіў, што львоўскі аэрапорт мог бы аднавіць сваю працу, калі б Украіна атрымала знішчальнікі F-16. Таксама гучалі прапановы па аднаўленні працы аэрапорта ва Ужгарадзе, дзе самалёты адразу выходзяць у паветраную прастору Славаччыны. Аднак мясцовыя ўлады тады паведамілі, што да заканчэння вайны абмеркаванне цывільных палётаў заўчаснае.

Апошнія навіны