BE RU EN

У Віцебскай вобласці можна набыць 134-гадовы будынак, дзе працаваў Янка Купала

  • 22.10.2024, 17:24

За 200 рублёў.

У Сенненскім раёне на аўкцыён выстаўленыя будынкі спіртзавода, які размяшчаўся ў сядзібе Свяцкіх Старой Беліцы, дзе малодшым прыказчыкам служыў беларускі класік Янка Купала, заўважылі «Народныя навіны Віцебска».

Так у аграгарадку Полымі Сенненскага раёна на аўкцыён выстаўленыя пяць будынкаў, пабудаваных больш за стагоддзе таму. Лот ацэнены на пяць базавых адзінак (200 рублёў) - па адной базавай за кожны будынак.

Самы стары з іх - двухпавярховы галоўны корпус спіртзавода плошчай, большай за 1500 квадратных метраў, які быў пабудаваны яшчэ ў 1890 годзе.

Акрамя таго, лот уключае спіртасховішча, збудаванае ў 1900 годзе, а таксама будынак малочнай, склад і ток 1913 года пабудовы.

Як адзначае выданне, у 1904 годзе ў гэтым маёнтку ў Караля Свяцкага служыў малодшым прыказчыкам Іван Дамінікавіч Луцэвіч - у будучыні народны паэт Беларусі Янка Купала.

У гэты час там ачышчалі спірт, малолі муку, дралі крупы, выраблялі паводле самых сучасных тэхналогій сыр і алей.

Пачатковы кошт продажу комплексу аб'ектаў спіртзавода складае 200 рублёў. На выдзеленых зямельных пляцах з плошчай, большай за адзін гектар, магчымае размяшчэнне аб'ектаў адміністрацыйнага, сацыяльна-культурнага прызначэння, выкарыстання для прадпрымальніцкай дзейнасці.

Паводле ацэнкі «Віцебскаблмаёмасці», рынкавы кошт гэтай нерухомай маёмасці на канец 2022 года складаў 2 933 000 рублёў.

Апошнія навіны