BE RU EN

У Расеі знайшлі другую за месяц ферму з рабамі

  • 22.10.2024, 16:43

Ёй запраўляў «цыган» па мянушцы Баця.

У пасёлку Слава Працы Растоўскай вобласці знайшлі ферму, уладальнік якой трымаў у рабстве 18 чалавек. Людзей прывабілі туды падманам, прапаноўваючы зарабіць на ўборцы ўраджаю. Грошай яны так і не ўбачылі. Замест гэтага іх адправілі ў баракі, папярэдне адабраўшы пашпарты. Нявольнікі жылі ў антысанітарных умовах, іх прымушалі падпарадкоўвацца загадам і збівалі за непаслушэнства. Людзей удалося вызваліць, дзякуючы валанцёрам з цэнтра «Альтэрнатыва» і паліцыі.

У інтарэсах гаспадара фермы дзейнічала група вярбоўшчыкаў. Адзін з пацярпелых распавёў, што выпіваў на лавачцы ў Растове-на-Доне, калі да яго падселі незнаёмцы, а пасля ачуўся на зямлі без тэлефона, дакументаў і грошай. У гэты момант побач апынуўся рэкрутэр фермы з прапановай «падзарабіць на складах» за тысячу рублёў за дзень. Такім чынам ён патрапіў у рабстве. Пазней пацярпеламу ўдалося займець тэлефон і звязацца з сям'ёй. Тыя патэлефанавалі ў паліцыю.

Паводле інфармацыі Mash, фермай запраўляў 44-гадовы ўраджэнец Азова Раджа Ліманскі - «цыган» па мянушцы Баця, раней судзімы за махлярства і выкраданне людзей. Крыніцы канала сцвярджаюць, што ён быў абвешчаны ў федэральны вышук і ўвесь гэты час хаваўся ад следства. Большасць «завербаваных» - людзі без пэўнага месца жыхарства і «з ваенным мінулым». Пяць вызваленых з рабства ўжо напісалі на Ліманскага заяву ў паліцыю за незаконнае ўтрыманне, «фермера» даставілі ў аддзел.

У сваю чаргу Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб выкарыстанні рабскай працы (пункты «а», «д» часткі 2 артыкула 127.2 КК). Пакаранне за такое злачынства прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення свабоды.

Пры гэтым ферма з рабамі ў Аксайскім раёне магла быць не адзінай. Адзін з пацярпелых распавёў, што ў іх не было іншага выйсця, акрамя як заставацца ў падпарадкаванні Ліманскага: «Тут цыганская траса, немагчыма ўцячы. Адсюль уцякаеш — у іншую кампанію пападаеш».

Гэта ўжо другая ферма з рабамі, знойдзеная ў Расеі за апошні месяц. У канцы верасня ў Тульскай вобласці вызвалілі 10 чалавек, якіх цыганы заваблівалі на сезонныя працы, а па факце трымалі ў няволі і збівалі за непаслушэнства, жаданне адпачыць і спробы ўцячы. Сярод пацярпелых быў удзельнік вайны ва Украіне. Ён адправіўся на фронт з калоніі, а па вяртанні дадому «прасадзіў усё заробленае» і апынуўся на вуліцы, пасля чаго патрапіў у рабства.

Апошнія навіны