BE RU EN

Краіны G7 пастанавілі не размарожваць расейскія актывы да выплаты рэпарацый Украіне

  • 22.10.2024, 16:09

Размова пра суму $300 мільярдаў.

Краіны «Групы сямі» (G7) збіраюцца пакінуць расейскія актывы замарожанымі пасля заканчэння вайны ва Украіне, паведамілі Nikkei некалькі крыніц у групе.

«Мы пацвярджаем, што суверэнныя актывы Расеі ў нашых юрысдыкцыях застануцца нерухомымі, пакуль Расея не спыніць агрэсію і не заплаціць за шкоду, прычыненую Украіне», – гаворыцца ў праекце заявы лідараў G7, якая будзе апублікаваная пазней.

У дакуменце таксама паведамляецца, што аб'яднанне гарантуе Кіеву крэдыт у суме $50 млрд. Гэтыя сродкі лідары G7 дамовіліся даць Украіне яшчэ ў чэрвені. Прадугледжваецца, што ён будзе выплачаны за кошт даходаў ад заблакаваных актываў Расеі.

Згодна з папярэдняй дамоўленасцю, ЗША і ЕЗ павінны былі ўзяць на сябе па $20 млрд, а астатнія $10 млрд прапаноўвалася падзяліць Вялікай Брытаніі, Японіі і Канадзе. Аднак Вашынгтон дагэтуль патрабаваў гарантый, што расейскія актывы застануцца замарожанымі ў ЕЗ на працяглы перыяд (на гэты момант пастанова аб падаўжэнні замарожвання прымаецца кансэнсусам 27 краін — удзельніц ЕЗ раз на паўгода).

У верасні кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Брусэль сам выдзеліць Кіеву 35 млрд еўраў - большую частку ад узгодненага G7 крэдыту. У кастрычніку паслы краін ЕЗ узгаднілі механізм перадачы Украіне гэтых сродкаў, якія будуць вяртацца за кошт даходаў ад замарожаных расейскіх актываў. Пастанова аб выдзяленні крэдыту была зацверджаная 22 кастрычніка Еўрапарламентам.

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну заходнія краіны заблакавалі актывы Банка Расеі ў суме прыкладна 280 млрд еўраў. Больш за дзве траціны з іх знаходзіцца на рахунках бельгійскага дэпазітарыя Euroclear. Кіраўнік Мінфіна Антон Сілуянаў у 2022 годзе ацэньваў замарожаныя актывы прыкладна на $300 млрд. Паводле падлікаў Bloomberg, яны прыносяць прыбытак 3-5 млрд еўраў за год.

Розныя спробы заходніх краін выключыць расейскія актывы будуць уважацца за крадзёж і не застануцца бяскарнымі, заяўляў Пуцін.

У пачатку 2024 года ўкраінскія ўлады ацанілі шкоду ад расейскай агрэсіі на $1 трлн. За год да гэтага прэм'ер-міністр Украіны казаў пра шкоду $700 млрд.

Апошнія навіны