BE RU EN

Літва прапанавала накіраваць ва Украіну войскі ЕЗ

  • 22.10.2024, 11:55

У адказ на паўночнакарэйскіх салдат у Расеі.

Еўрапейскім краінам час перагледзець ідэю прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона аб размяшчэнні войскаў ва Украіне. Ідэя станавіцца актуальнай, паколькі тысячы паўночнакарэйскіх салдат неўзабаве могуць далучыцца да Расеі для ўдзелу ў вайне.

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбэргіс, паведамляе Politico.

«Калі інфармацыя аб тым, што расейскія карныя атрады абсталяваныя паўночнакарэйскімі боепрыпасамі і вайскоўцамі, пацвердзіцца, нам давядзецца вярнуцца да «чаравікаў на зямлі» і іншых ідэй, прапанаваных Макронам», - заявіў ён.

Прэзідэнт Францыі вылучыў гэтую прапанову ў лютым, аднак яе тут жа адпрэчыў канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, заявіўшы, што ніякія еўрапейскія або натаўскія войскі не будуць размешчаны ва Украіне.

"На жаль, мы зноў адстаём і дзейнічаем пасіўна, але я веру ў нашу супольную здольнасць зрабіць усе неабходныя праактыўныя крокі для ўвасаблення ідэй прэзідэнта Макрона ў дзеянні", - дадаў Ландсбэргіс.

Апошнія навіны