BE RU EN

Як студэнтам атрымаць кампенсацыю за арэнду жылля, калі не далі інтэрнат?

  • 22.10.2024, 10:40

Трэба выканаць шэраг умоў.

Адвакат юрыдычнай кансультацыі Партызанскага раёна Менска Інэса Лавягіна расказала, як студэнтам атрымаць кампенсацыю за арэнду жылля, калі з той ці іншай прычыны не далі інтэрнат. Праўда, для гэтага трэба выканаць шэраг умоў, напрыклад, не пражываць у горадзе, дзе знаходзіцца навучальная ўстанова, піша telegraf.news.

Апроч таго, што студэнт павінен быць іншагароднім, патлумачыла адвакатка, ён абавязаны вучыцца на дзённым аддзяленні за кошт бюджэту. Яшчэ адной абавязковай умове для кампенсацыі жылля з'яўляецца той факт, што малады чалавек застаўся без месца ў інтэрнаце нягледзячы на тое, што стаіць у чарзе на засяленне. Больш за тое, сярэдні даход яго сям'і на аднаго чалавека не павінен перавышаць 200% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за 2 апошнія кварталы.

На сённяшні дзень, паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі складае ў сярэднім 433 рублі. Пры гэтым у працаздольнага насельніцтва ён крыху большы — 462 рублі, а ў пенсіянераў менш — 314 рублёў. Для дзяцей да 3 гадоў БПМ складае 273 рублі, ад 3 да 6 гадоў - 365 рублёў, ад 6 да 18 гадоў - 428 рублёў.

Каб атрымаць кампенсацыю, студэнту неабходна падаць заяву і прадставіць звесткі аб даходах на кожнага сямейніка за 12 месяцаў у камісію аб кампенсацыі выдаткаў у найме жылля. Пастанову аб гэтым павінны прыняць на працягу 5 працоўных дзён. Калі студэнт не атрымаў адказу ад камісіі, ён можа звярнуцца па яго ў рэктарат, патлумачыла адвакат.

Хто ўвогуле можа не плаціць за інтэрнат?

Інэса Лавягіна расказала, што не плаціць за інтэрнат могуць студэнты з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, інваліды да 18 гадоў, інваліды I і II групы незалежна ад іх узросту, асобы, якія пакутуюць ад анкалагічных захворванняў або хворыя на туберкулёз, а таксама студэнты, у якіх бацькі атрымалі інваліднасць ці загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.

Апошнія навіны