BE RU EN

Палітычную зняволеную Вікторыю Кульшу трэцім разам будуць судзіць

  • 22.10.2024, 10:20

За «непадпарадкаванне адміністрацыі».

8 кастрычніка суд Рэчыцкага раёна разгледзіць крымінальную справу супраць палітычнай зняволенай Вікторыі Кульшы. Яе трэці раз абвінавачваюць у «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі», піша «Гомельская Вясна».

Справу будзе разглядаць Станіслаў Іванюценка, які вынес папярэдні прысуд у справе Вікторыі.

Нагадаем, Вікторыя Кульша была адміністратаркай тэлеграм-канала "Кіроўцы 97%". У лістападзе 2020-га яе і іншых фігурантаў затрымалі і абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў (ч. 1 і 2 арт. 342 КК). 4 чэрвеня 2021 года суд вынес ёй прысуд - два з паловай гады пазбаўлення волі.

Але ў гомельскай калоніі Вікторыі ўвесь час давалі спагнанні за нейкія парушэнні, змяшчалі ў штрафны ізалятар, пазбаўлялі спатканняў, змяшчалі ў ПКТ на два месяцы і ў выніку завялі новую справу паводле ч. 1 арт. 411 КК. На момант суда ёй павінна было заставацца менш за паўгода да вызвалення. Але яе прызналі вінаватай у «злосным непадпарадкаванні» супрацоўнікам калоніі. Суд цалкам пагадзіўся з абвінавачаннем і прысудзіў Вікторыю Кульшу да дадатковага года пазбаўлення волі. Апеляцыя нічога не дала.

Пасля гэтага жанчыну перавялі ў ПК-24 у Зарэччы. Тамака яе зноў кідалі ў карцар, на паўгода адправілі ў памяшканне камернага тыпу. З інфармацыі праваабаронцаў, наглядчыкі часта абражалі і зневажалі Вікторыю, вядомы выпадак, калі адзін з іх душыў жанчыну і цягаў па камеры. Некалькі разоў Кульша трымала галадоўку на знак пратэсту.

У выніку на яе зноў завялі справу за непадпарадкаванне. Так Вікторыя Кульша стала першай жанчынай-палітычнай зняволенай, якую паводле гэтага артыкула судзілі двойчы. На момант суда Вікторыі заставалася сем месяцаў да вызвалення. Ёй прызначылі яшчэ год калоніі, пасля частковага складання рэшта тэрміна склаў 1 год і 5 месяцаў. А ўвесь тэрмін жанчыны з першапачатковых 2,5 вырас да 4,5 гады. Вікторыя Кульша зноў падала апеляцыю, але яна зноў была беспаспяховай.

Апошнія навіны