Легендарны «Казачны замак» у парку Горкага рыхтуюць да зносу
- 21.10.2024, 20:22
Кавярня працавала 17 гадоў.
Будынак кавярні «Казачны замак» у парку Горкага рыхтуюць да зносу. Пачаліся падрыхтоўчыя працы, піша блогер і краязнаўца Дзяніс Блішч.
Будынак, прапісаны па вуліцы Фрунзэ, 2б, размяшчаецца на беразе сажалкі.
«Кавярня ўваходзіла ў сетку аднайменных піцэрняў і працавала тут 17 гадоў, але не перажыла пандэмію каранавірусу», – напісаў блогер.
Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага ў беларускай сталіцы ў хуткім часе рэканструююць. Пра гэта расказаў агенцтву «Менск-Навіны» кіраўнік вытворчага аддзела «Менскзелянбуда» Андрэй Працук.
Падрыхтоўчыя мерапрыемствы стартуюць 7 кастрычніка, а рэканструкцыя – да канца месяца.
Праектам прадугледжаная замена інжынерных сетак і часткова асвятлення. Акрамя таго, усталююць аднатыпныя гандлёвыя павільёны. Іх знешні выгляд узгоднены з Міністэрствам культуры і камітэтам архітэктуры Менгарвыканкама, бо парк уважаецца за гісторыка-культурную каштоўнасць краіны.
Сярод іншага, адчыняцца дадатковыя зоны адпачынку і новая дзіцячая пляцоўка.
Андрэй Працук адзначыў, што ўладкуюць і пустую тэрыторыю: там паставяць пясочніцу і гульнявое абсталяванне.
Скончыць рэканструкцыю плануюць да пачатку наступнага сезону атракцыёнаў. Звычайна іх запускаюць у канцы красавіка.
Калі надвор'е дазволіць, працы будуць весціся і зімой.
Парк Горкага ў Менску заснаваны ў 1805 годзе першым губернатарам горада Карнеевым і першапачаткова называўся Губернатарскім садам. Сёння аб'ект займае плошчу 28 га. Ён з'яўляецца адным з найбуйнейшых у краіне.