Схема «Fake boss» дабралася да беларускіх медыкаў
- 21.10.2024, 11:55
У Міністэрстве аховы здароўя заклікалі калег «быць пільнымі».
Махлярства паводле схемы "Fake boss", калі зламыснікі прадстаўляюцца начальнікамі сваіх ахвяр, каб выпытаць у іх банкаўскія звесткі, дабралася да сістэмы аховы здароўя. У профільным ведамстве заклікалі калег «быць больш пільнымі».
У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што для рэалізацыі гэтай схемы злачынцы вывучаюць чаты працоўных калектываў у мэсэнджарах, збіраюць інфармацыю аб арганізацыі і кіраўніках, ствараюць уліковыя запісы ад іх імя. Далей, з дапамогай фэйкавага рахунка кіраўніка, яны ўступаюць у перапіску з падначаленымі і, выкарыстоўваючы давер да начальніка, даюць «пэўныя ўказанні або тлумачэнні».
«Як паказвае практыка, часцей за ўсё такі «кіраўнік» паведамляе аб будучай размове з нібыта супрацоўнікамі праваахоўных, кантрольных і іншых дзяржаўных органаў, пры гэтым просіць захаваць канфідэнцыйнасць камунікацыі. Для пераканаўчасці злачынцы адпраўляюць галасавыя паведамленні з голасам кіраўніка, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту, ці ўвогуле ажыццяўляюць званкі», — папярэдзілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
У ведамстве адзначылі, што патэнцыйным ахвярам для пацверджання паўнамоцтваў могуць даслаць фатаграфію пасведчання або копіі якіх-небудзь службовых дакументаў, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.
«Падчас такой камунікацыі зламыснікі схіляюць пацярпелага да перадачы рэквізітаў доступу да банкаўскіх рахункаў, пералічэння грашовых сродкаў або перадачы грошай кур'ерам», - распавялі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Як сябе засцерагчы:
• Пры паступленні паведамлення або званка ад кіраўніка з такім зместам пераканайцеся ў правільнасці назвы старонкі і нумара тэлефона.
• Звяжыцеся з начальнікам праз гарадскі ці мабільны тэлефон.
• Звярніце ўвагу на наяўнасць або адсутнасць на экране перапіскі апавяшчэнняў «дадаць» і «заблакаваць». Гэта сведчыць аб наяўнасці ў вашых мабільных кантактах гэтага чалавека.
• Зрабіце паўзу ў камунікацыі і абмяркуйце сітуацыю, якая склалася з кімсьці са знаёмых ці блізкіх.