BE RU EN

Юлія Навальная заявіла пра гатоўнасць удзельнічаць у выбарах прэзідэнта Расеі

  • 21.10.2024, 10:28

Але пасля сыходу Пуціна.

Удава апазіцыянера Аляксея Навальнага Юлія Навальная заявіла, што прыме ўдзел у выбарах прэзідэнта Расеі, калі вернецца ў краіну.

«Мая мэта - наблізіць і зрабіць магчымымі перамены ў краіне. Калі я вярнуся ў Расею, я пайду на выбары кандыдатам у прэзідэнта», - сказала Навальная ў інтэрв'ю BBC. Пры гэтым яна адзначыла, што ў яе няма магчымасці вярнуцца ў Расею, пакуль Уладзімір Пуцін застаецца ва ўладзе. Навальная нагадала, што не змагла прыехаць у родны горад нават на пахаванне мужа, бо баялася арышту.

У ліпені Басманны суд Масквы завочна арыштаваў Навальную паводле справы аб удзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі. Ёй была абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту тэрмінам на два месяцы. Гэты тэрмін будзе вылічацца з моманту яе экстрадыцыі на тэрыторыю Расеі або з моманту яе затрымання ў краіне.

Таксама ў інтэрв'ю ВВС Навальная прызналася, што яна "не чараўнік і не ведае сакрэту", як неадкладна дабіцца перамен у Расеі. "Калі ты не можаш зрабіць нешта вялікае адразу, рабі нешта маленькае кожны дзень, і чым больш людзей будуць так рабіць, тым хутчэй надыдзе час перамен", - сказала яна.

Апошнія навіны