BE RU EN

Беларуска ўпершыню паедзе на конкурс прыгажосці «Міс Сусвет»

  • 20.10.2024, 17:32

Але не тая, што перамагла ў нацыянальным адборы.

Сёлета Беларусь упершыню прыме ўдзел у адным з самых прэстыжных конкурсаў прыгажосці «Міс Сусвет». Але сітуацыя выходзіць дзіўная: тытул «Міс Сусвет Беларусь» дастаўся Карыне Кісялёвай, а на конкурс паедзе Элеанора Качалоўская («Міс Беларусь 2023»), піша «Наша Нiва».

Карына Кісялёва перамагла ў нацыянальным этапе конкурсу «Міс Сусвет» у Беларусі. СМІ пісалі, што дзяўчына родам з Беларусі, але жыве на дзве сталіцы - Менск і Маскву. У Расеі яна скончыла Маскоўскі авіяцыйны інстытут паводле спецыяльнасці "PR і сувязі з грамадскасцю". Актыўна ўдзельнічае ў розных міжнародных конкурсах прыгажосці - была на «Міс Эка Інтэрнэшнл», «Міс Зямля» і іншых.

Яшчэ 21 верасня Карына паказвала ў сваім Instagram, як разам з іншымі дзяўчынкамі-канкурсанткамі наведвала Чэрвеньскі сацыяльны пансіянат "Свет дабрыні". А 28 верасня дзяўчына з гонарам напісала, што стане першаадкрывальніцай для Беларусі на «Міс Сусвет». Але зараз той допіс быў выдалены з Instagram. Карына пакінула толькі фота, зробленае перад пачаткам фіналу. Англамоўных падпісчыкаў цікавіць, што адбылося і чаму Карына не ляціць у Мехіка, дзе пройдзе фінал міжнароднага конкурсу.

Дзіўна, але ў Instagram-старонцы Miss_universe_belarus няма ніводнай фатаграфіі з нацыянальнага этапу «Міс Сусвет». Аднак ёсць відэа, на якім Элеанора Качалоўская хутаецца ў чырвона-зялёны сцяг. Мадэль называюць афіцыйнай прадстаўніцай Беларусі на конкурсе «Міс Сусвет».

Гэта старонка з'яўляецца перайменаванай старонкай конкурсу «Міс Беларусь», у якім Элеанора Качалоўская перамагла ў 2023 годзе. Беларуская старогка «Міс Сусвет», якую Карына Кісялёва адзначыла ў сваіх допісах падчас удзелу ў нацадборы, зараз выдаленая.

Невядома, ці ўдзельнічала Элеанора Качалоўская ў «Міс Сусвет Беларусь». На агульнай фатаграфіі фіналістаў са стужкамі пераможцаў яе няма.

На афіцыйным сайце «Міс Сусвет» пачалося галасаванне, аднак удзел у ім не бясплатны. Перш трэба купіць галасы: ад трох галасоў за адзін даляр да 450 амаль за 100 даляраў. Качалоўская ўжо просіць падпісчыкаў падтрымаць яе.

У 2024 годзе на конкурс «Міс Сусвет» у сталіцу Мексікі прыедуць прыгажуні з розных краін. Фінал запланаваны на 16 лістапада. Колькасць паўфіналістак конкурсу павялічаная да трыццаці, што стане самым высокім паказчыкам за ўсю гісторыю конкурсу. Разам з Беларуссю на конкурсе дэбютуюць Эрытрэя, Гвінея, Іран, Макао, Малдова, Паўночная Македонія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Самалі і Узбекістан.

Каб прадстаўнік краіны меў права ўдзельнічаць у конкурсе, мясцовая кампанія або прыватная асоба павінны аплаціць узнос за франшызу.

Летась «Міс Сусвет» стаў Шэйніс Паласіёс з Нікарагуа. Відаць, яна будзе ўручаць карону пераможцы.

Конкурс «Міс Сусвет» быў заснаваны ў 1952 годзе каліфарнійскай кампаніяй у вытворчасці адзення і купальнікаў, і з таго часу яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Злучаных Штатах. З 1996 да 2015 года конкурс прыгажосці належаў Дональду Трампу. Цяпер уладальніцай конкурсу з'яўляецца бізнесвумен-трансгендэр Эн Джакапонг Джакраджутатып.

Апошнія навіны