BE RU EN

У Малдове праходзяць выбары прэзідэнта і рэферэндум што да курсу на ЕЗ

  • 20.10.2024, 11:37

Расея пайшла ва-банк, але саступае ўчыстую.

Прэзідэнцкія выбары і рэферэндум аб уступленні Малдовы ў ЕЗ праходзяць у краіне ў адзін дзень, у нядзелю, 20 кастрычніка.

Амаль дзве тысячы выбарчых участкаў адкрыліся а 7:00 паводле мясцовага часу. Пры гэтым выбарцы атрымліваюць два бюлетэні. Першы, шэрага колеру, з пералікам кандыдатаў у прэзідэнты. А другі, фіялетавы, з тэкстам паправак у Канстытуцыю і пытаннем аб тым, ці падтрымліваюць яны змяненне Канстытуцыі з мэтай далучэння Малдовы да ЕЗ, піша «Нямецкая хваля».

Каб галасаванне было прызнанае сапраўдным, неабходна пераадолець парог прыходу 33 адсоткі.

Новым прэзідэнтам краіны стане кандыдат, які набраў абсалютную большасць галасоў. Калі ніхто не заручыцца такой падтрымкай, то праз два тыдні пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў.

Выбарчыя ўчасткі закрыюцца а 20.00, папярэднія вынікі чакаюцца а 21.00 паводле мясцовага часу.

Хто ў спісе кандыдатаў у прэзідэнты

У шэрым бюлетэні - 11 прозвішчаў кандыдатаў у прэзідэнты Малдовы, але фаварытаў у цяперашняй прэзідэнцкай гонцы ўсяго адзін. Гэта дзейная праеўрапейская прэзідэнтка Мая Санду, якая ідзе на другі тэрмін.

Яе галоўны апанент, падтрыманы найбуйнейшай прарасейскай апазіцыйнай Партыяй сацыялістаў (ПСРМ), экс-генпракурор Малдовы Аляксандр Стаяногла, значна ад яе адстае.

Згодна з замерам экспертнай асацыяцыі WatchDog, апублікаваным 7 кастрычніка, за Санду былі гатовыя прагаласаваць 36% выбарцаў, за Аляксандра Стаяногла 10%, а за Рэната Вусатага 7,5%. З улікам тых выбарцаў, якія на момант сацапытання яшчэ не вызначыліся, Санду можа перамагчы ўжо ў першым туры галасавання.

Апытанні таксама паказваюць, што амаль 60% выбарцаў маюць намер прагаласаваць за курс на Еўразвяз.

Колькі кандыдатаў з румынскімі пашпартамі

Дачыненні паміж кандыдатамі ў прэзідэнты напружаныя. Так, спроба правесці дэбаты паміж лідаруючай тройкай скончылася тым, што Мая Санду проста не прыйшла ў студыю грамадскага тэлеканала Moldova 1, дзе яе чакалі Аляксандр Стаяногла і Рэнат Вусаты.

Сваю адмову прэзідэнтка патлумачыла тым, што палова кандыдатаў - гэта стаўленікі алігарха Ілана Шора, які хаваецца ў Маскве, завочна асуджаны ў Малдове на 15 гадоў турмы за банкаўскае махлярства. Мая Санду мяркуе, што «іх прасоўвае злачынная група, а не грамадзяне». Аднак яна паабяцала ўдзельнічаць у дэбатах перад другім турам, калі ён адбудзецца.

Між тым прэзідэнцкая выбарчая кампанія не абышлася без кур'ёзаў. Лідар ПСРМ Ігар Дадон неаднаразова крытыкаваў цяперашняе кіраўніцтва краіны за наяўнасць другога - румынскага - грамадзянства. Але ЦВК высветліў, што ў яго стаўленіка, этнічнага гагауза Аляксандра Стаяногла, таксама ёсць румынскі пашпарт. Больш за тое, другое грамадзянства маюць 7 з 11 кандыдатаў у прэзідэнты Малдовы.

Спецслужбы Малдовы супраць расейскіх грошай Ілана Шора

Спецслужбы Малдовы змаглі адсачыць шляхі перадачы грошай і метады подкупу выбарцаў з боку збеглага алігарха. За верасень былі выяўленыя рэкордныя пераводы сродкаў у аб'ёме, большым за 15 мільёнаў даляраў. Паліцыя выявіла 130 тысяч грамадзян, якія ўваходзяць у структураваную сетку Ілана Шора, грошы якім пераводзіліся з Расеі.

Сродкі паступалі ў Малдову праз прыкладанні «Прамсувязьбанка» і банкаўскія карткі «Мір», гатоўку везлі кур'еры з тэрыторыі Прыднястроўя. Сярод іх былі заўважаныя як мінімум два дзясяткі святароў Малдаўскай мітраполіі РПЦ.

Толькі за тры дні з 8 да 10 кастрычніка паліцыя правяла 115 ператрусаў у кіраўнікоў раёнаў і актывістаў сеткі ў межах крымінальнай справы аб незаконным фінансаванні палітычных партый і электаральнай карупцыі.

У гэтыя ж дні ў тэлеграме на запыт Нацыянальнага інспектарата расследаванняў былі заблакаваныя 15 каналаў і 95 чат-ботаў, звязаных з Іланам Шорам.

Выбары для дыяспары пры мінімальным удзеле Расеі

На выбарах і рэферэндуме за мяжой адкрыты 231 выбарчы ўчастак, і гэта рэкордная колькасць. Напрыклад, у 2020 годзе іх было ўсяго 139. ЦВК Малдовы ўстанавіў тыраж бюлетэняў для ўчасткаў за мяжой на 852 тысячы бюлетэняў, і гэта пры агульнай колькасці выбарцаў згодна з Дзяржрэестрам 3,3 мільёна.

Больш за ўсё ўчасткаў у Італіі, Нямеччыне і Францыі. А вось у Расеі іх усяго два - і абодва ў пасольстве Малдовы ў Маскве. ЦВК патлумачыў гэта пагрозамі бяспецы ў Расеі, якая вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны. Кожны з участкаў атрымае не больш за пяць тысяч бюлетэняў.

Пастанова выклікала крытыку з боку апазіцыі. У ПСРМ палічылі, што МЗС «сабатуе правядзенне галасавання малдаўскіх грамадзян на тэрыторыі РФ». А адзін з паплечнікаў Ілана Шора, кіраўнік Кангрэса расейскіх грамадаў Малдовы Валерый Кліменка, прыстрашыў зваротам да прэзідэнта РФ і Дзярждумы з просьбай не прызнаваць вынікі галасавання.

Акрамя таго, Кліменка ўжо звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай «аб абароне расейскіх суайчыннікаў у Малдове».

Рэферэндум вызначыць пытанне з еўраінтэграцыяй Малдовы

На рэферэндуме аб уступленні Малдовы ў ЕЗ выбарцам трэба будзе адказаць на пытанне: «Ці падтрымліваеце Вы ўнясенне паправак у Канстытуцыю з мэтай далучэння Рэспублікі Малдова да Еўрапейскага Звязу?». Варыянты адказу: «так» ці «не».

Першая папраўка тлумачыць, што далучэнне да ўстаноўчых дамоваў ЕЗ будзе ажыццяўляцца праз парламент. А другая прадугледжвае вяршэнства прававых актаў ЕЗ над раздзеламі ўнутранага заканадаўства Малдовы, якія ім супярэчаць.

Гэта значыць, што нават у выпадку прыходу да ўлады прарасейскіх партый яны больш не змогуць прымаць законы, якія ідуць насуперак праеўрапейскаму курсу.

Толькі дзве палітычныя партыі - партыя камуністаў (ПКРМ) і падкантрольная Шору партыя «Адраджэнне» - агітуюць супраць інтэграцыі краіны ў ЕЗ.

Апошнія навіны