BE RU EN

Cілавікі масава затрымліваюць жыхароў Магілёўшчыны

  • 2.10.2024, 17:12

Аднаго з магілёўцаў прыехалі затрымліваць блізу 10 сілавікоў.

Пасля затрымання 23 верасня Аляксандра Кандрычына, які, паводле версіі сілавікоў, нанёс нажавыя раненні двум супрацоўнікам ГУБАЗіК, у Магілёве пачалася масавая зачыстка грамадзян, якія, на думку супрацоўнікаў міліцыі, маглі мець дачыненне да нападу, піша «Вясна».

Літаральна праз некалькі дзён пасля інцыдэнту сілавікі затрымалі сябра і былога калегу Кандрычына. Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, пры ператрусе ў доме затрыманага былі знойдзеныя агнястрэльная зброя, часткі да яе, патроны рознага калібру, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі і халодная зброя, у тым ліку замаскаваная пад бытавыя прадметы. У дачыненні да затрыманага распачатая крымінальная справа за незаконнае абарачэнне агнястрэльнай зброі (арт.295 Крымінальнага кодэкса).

1 кастрычніка з'явілася інфармацыя аб «зачыстцы дэструктыўных ячэек» у Магілёве.

Пад «дэструктыўнымі ячэйкамі» блізкі да МУС тэлеграм-канал пазначыў магілёўцаў, якія пакідалі каментары ў інтэрнэце пасля навіны аб нападзе.

Як паведамляе MAYDAYMog, паводле відэароліка, былі затрыманыя як мінімум чацвёра мужчын, у тым ліку 62-гадовы жыхар вёскі Пракшэнічаў Магілёўскага раёна. На яго затрыманне выехала 10 сілавікоў, у тым ліку байцоў спецназа з нядаўна створанага атрада «Гром» (заснаваны ў красавіку 2024 года). Астатніх мужчын таксама затрымлівалі па 5 сілавікоў у баявой экіпіроўцы.

На відэа бачна, што ніхто з затрыманых не надаваў супраціву. У гэты момант лёс гэтых людзей невядомы.

Аднаго з магілёўцаў прыехалі затрымліваць блізу 10 сілавікоў. На «пакаянным відэа» мужчына прызнаецца, што нібыта знаходзіцца ў «экстрэмісцкіх» чатах і пакідае там каментары. Сярод іншага яму інкрымінуюць і каментары да навіны аб Кандрычыне.

Яшчэ адно затрыманне за каментар у інтэрнэце апісвае «Медиазона». Сілавікі затрымалі студэнта 4-га курса Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, што «ўхваляў у сацыяльных сетках» дзеянні магілёўца, які абвінавачваецца ў замаху на забойства міліцыянтаў. Ролік з ім быў апублікаваны праўладным гарадзенскім тэлеграм-каналам.

На відэа маладзён у белым світары перапрашае супрацоўнікаў міліцыі. Артыкул, паводле якога затрыманы студэнт, не ўдакладняецца. Паведамленні, якія прыпісваюцца студэнту, на міліцэйскім відэа не паказаныя.

Апошнія навіны