Прэзідэнт Паўднёвай Карэі склікаў экстранную нараду
- 18.10.2024, 21:01
Праз вайскоўцаў КНДР у РФ.
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 18 кастрычніка склікаў экстранную нараду датычна бяспекі, каб абмеркаваць магчымае задзейнічанне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў для падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта піша Bloomberg.
Офіс прэзідэнта Паўднёвай Карэі заявіў, што разгортванне войскаў КНДР уяўляе сур'ёзную пагрозу бяспецы як для іх краіны, так і для міжнароднай супольнасці.
Нарада была праведзеная праз дзень пасля заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, што афіцэры з Паўночнай Карэі ўжо знаходзяцца на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, а ў вайне будуць задзейнічаныя 10000 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
Паводле звестак паўднёвакарэйскай выведкі, Пхеньян плануе выправіць ва Украіну блізу 12000 вайскоўцаў, пра што паведамлялі СМІ ў Сеуле. Агенцтва Yonhap таксама інфармавала, што перакідванне гэтых войскаў ужо пачалося.