BE RU EN

У Беларусі выкрадзеным украінскім дзецям навязваюць «расейскі свет»

  • 18.10.2024, 14:23

Пад выглядам рэабілітацыі.

Журналісты “Медыязоны” прааналізавалі даклад “Скрадзенае дзяцінства: як беларускі рэжым сцірае ідэнтычнасць украінскіх дзяцей праз перамяшчэнне, перавыхаванне і мілітарызацыю”. У ім сабраныя звесткі аб датычнасці Аляксандра Лукашэнкі і іншых людзей з улады да незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных абласцей Украіны ў Беларусь. Раней гэтыя матэрыялы ўжо былі перададзены ў Міжнародны суд у Гаазе.

Даклад склалі праваабаронцы. Яны высветлілі, што з 2021 года ў Беларусь з акупаваных Расеяй абласцей Украіны былі вывезены 2 219 дзяцей. Гэтая праца актывізавалася з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Групы па некалькі дзясяткаў і нават сотняў чалавек размяшчалі ў лагерах і рэабілітацыйных цэнтрах Беларусі. Дзеці прыязджалі на некалькі тыдняў, а потым вярталіся на акупаваныя тэрыторыі.

Беларуская прапаганда кажа, што дзяцей прывозяць на лячэнне і рэабілітацыю, аднак аўтары дакумента сцвярджаюць, што пад выглядам рэабілітацыі ўкраінскім падлеткам у Беларусі расказваюць пра ідэі «расейскага свету», іх перавыхоўваюць і мілітарызуюць. Ім ладзяць сустрэчы з вайскоўцамі, сілавікамі і прапагандыстамі. Заняткі з імі праводзяць на расейскай мове, транслююць прапагандысцкія наратывы, расказваюць пра “калабарантаў-ўкраінцаў” падчас Другой сусветнай вайны, пытаюцца, ці лічаць яны сябе расейскімі грамадзянамі.

У 2022 годзе дзяцей з Данецка і Марыюпаля вазілі ў вайсковую часць спецназа. На фота з мерапрыемства яны трымаюць у руках зброю, а некаторыя стаяць у футболках з літарай Z. Дзецям ладзяць сустрэчы з праўладнымі артыстамі і актывістамі, якія дазваляюць сабе такія заявы: “І дай Бог сілы і магчымасці хутчэй развязаць гэтую сітуацыю. І каб мы жылі ў міры. Каб Байдэн здох, Госпадзе, прабач мяне, каб Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў, і ўзяў кантроль над усёй Украінай”. Гэта украінскім дзецям заявіла адна з сясцёр Груздзевых.

Траўмавальныя інтэрв'ю

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што беларускія дзяржаўныя СМІ часта выкарыстоўваюць дзяцей для падрыхтоўкі матэрыялаў, задаюць ім пытанні, якія траўмуюць — пра абстрэлы, траўмы, часам нават даводзяць іх да слёз.

“Настойлівыя роспыты журналістаў патрабуюць дэталёвага ўспаміну і ўзнаўлення падзей, якія траўмуюць”, — адзначаюць аўтары дакладу. Пры гэтым дзеці ў эфіры дзяржаўных медый выкарыстоўваюць тэрміналогію афіцыйных уладаў Беларусі і Расеі, называючы вайну "СВА", гавораць пра "ўкраінскіх баевікоў" і Марыюпаль, які "пачынае адраджацца".

У дакладзе пазначаныя афіцыйныя асобы з расейскага, беларускага і ўкраінскага боку, якія, на думку праваабаронцаў, маюць дачыненне да вывазу дзяцей. Найперш гэта Аляксандр Лукашэнка, а таксама Аляксей Талай - беларускі паралімпійскі спартовец, які "адыграў цэнтральную ролю ў праекце перасялення ўкраінскіх дзяцей у Беларусь". Называюцца таксама імёны кіраўніка Магілёўскай вобласці Анатоля Ісачэнкі, лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа і дэпутата Дзмітрыя Шаўцова і іншых.

Аўтары даклада нагадваюць, што вываз украінскіх дзяцей аплачваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У 2022 і 2023 гадах на гэта было выдаткавана амаль 600 тысяч даляраў. Праваабаронцы маюць намер дабіцца прыцягнення да адказнасці тых, хто мае дачыненне да незаконнага перамяшчэння дзяцей.

Апошнія навіны