У цэнтры Луганска ўзарвалася аўто: унутры маглі быць вайскоўцы РФ
- 18.10.2024, 14:15
УАЗ падарвалі на вуліцы Абароннай.
Удзень 18 кастрычніка ў цэнтры часова акупаванага Луганска падарвалася аўто, унутры якога маглі знаходзіцца вайскоўцы. Аб гэтым паведаміла выданне Astra.
«Пашкоджаны УАЗ і яшчэ адзін легкавы аўтамабіль. Прычыны невядомыя. Мясцовыя паблікі сцвярджаюць, што ва УАЗе знаходзіліся вайскоўцы», - гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час у тэлеграм-канале «Mash на Данбасе» адзначылі, што выбух адбыўся ля дома культуры на вуліцы Абароннай.
Таксама паведамляецца, што вуліцу Абаронную пасля інцыдэнту перакрылі.
«Кіроўцы з разбітай машыны каля ДК Будаўнікоў у Луганску павезла хуткая дапамога», - гаворыцца ў паведамленні.
Афіцыйнай інфармацыі пакуль няма.