BE RU EN

У Маскве арыштаваны яшчэ адзін топ-мэнэджар Мінабароны Расеі

  • 17.10.2024, 20:00

За хабар.

Следчы камітэт Расеі паведаміў пра ўзяцце пад варту топ-мэнэджара Галоўнай вайсковай будаўнічай управы (ГВБУ) № 14 Мінабароны Ігара Кушча. Крымінальная справа пачатая паводле артыкула КК РФ аб атрыманні хабару асабліва буйнога памеру.

Як паведамілі ў СК РФ, следствам вызначана, што са снежня 2022 да сакавіка 2024 г. Кушч атрымаў ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый хабар агульным памерам больш за 34 мільёны рублёў (амаль 350 тыс. даляраў) за спрыянне ў набыцці дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Усяго размова ідзе пра пяць эпізодаў атрымання хабару асабліва буйнога памеру. Цяпер ужо былы топ-мэнэджар знаходзіцца ў СІЗА. Таксама арыштаваная ягоная маёмасць памерам больш як 500 тысячаў даляраў.

The Moscow Times піша, што за восем месяцаў 2024 года СК РФ пачаў 497 крымінальных справаў аб злачынствах у сферы абаронна-прамысловага комплексу і выканання дзяржабаронзаказу.

Так 8 кастрычніка 5,5 гадоў пазбаўлення волі атрымаў за крадзяжы былы кіраўнік галоўнай управы ўладкавання войскаў Яўген Гарбачоў.

У жніўні сілавікі затрымалі намесніка кіраўніка галоўнай управы інавацыйнага развіцця Мінабароны генерал-маёра Уладзіміра Шасцёрава. Яго абвінавацілі ў крадзяжы бюджэтных сродкаў, вылучаных на функцыянаванне парку «Патрыёт».

Таксама ў СІЗА за хабар былі адпраўленыя кіраўнік галоўнай управы кадраў Мінабароны РФ генерал-лейтэнант Юрый Кузняцоў, генерал-лейтэнант – кіраўнік галоўнай управы сувязі Узброеных сілаў РФ Вадзім Шамарын, былы кіраўнік рэчавай управы Уладзімір Дземчык.

Пад варту былі ўзятыя тры намеснікі былога міністра абароны Сяргея Шайгу: генерал войска Павел Папоў (махлярства), генерал Дзмітрый Булгакаў (карупцыйныя ўгоды) і Цімур Іваноў (хабар).

Раней выданне са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе паведамляла, што беспрэцэдэнтная кампанія арышту генералаў і высокапастаўленых чыноўнікаў Мінабароны Расеі праходзіць са згоды Крамля. Паводле іх словаў, за крымінальнымі справамі стаіць жаданне спецслужбаў зваліць на войска віну за няўдачы ва Украіне і атрымаць кантроль над вялізнымі бюджэтамі ваеннай установы.

Апошнія навіны